Чаму швейцарцы пакуль адмовіліся ад дармавых 2250 еўра штомесяц

06/06/2016 - 14:23

Швейцарцы не падтрымалі ідэю “безумоўнага гарантаванага даходу” памерам 2250 еўра штомесяц. Рэферэндум па гэтым пытанні ладзіўся 5 чэрвеня. Супраць прагаласавала амаль 77%. Але нягледзячы на вынікі, аўтары гэтай ідэі заявілі пра поспех. Прэс-сакратар ініцыятараў рэферэндуму Даніэль Хені ў інтэрв’ю Euronews заяўляе наступнае:

“Больш за 20% прагаласавалі “за”. Гэта азначае, што кожны пяты грамадзянін, які мае права голасу, лічыць гэта правільным кірункам. Трэнд пазначаны, і канцэпцыя запушчаная”.

Па яго словах, такі вынік выводзіць дыскусію на міжнародны ўзровень.

Швейцарцам хочуць проста так плаціць штомесяц 2250 еўра. Ці магчыма такое ў нас?

Чаму швейцарцы адмовіліся ад 2250 еўра штомесяц?

На думку старшага фінансавага аналітыка “Альпары” Вадзіма Іосуба, вынікі рэферэндуму паказваюць, што швейцарцы асцерагаюцца росту дармаедскіх настрояў. А таксама таго, што гэтыя выплаты могуць прыцягнуць вялікую колькасць уцекачоў і мігрантаў выключна дзеля грошай.

“Чарговы раз грамадзяне Швейцарыі праявілі сябе сталай нацыяй. Тут мне падаецца самым цікавым нават не вынік рэферэндуму, а апытанне пасля рэферэндуму, паводле якога большая палова грамадзянаў Швейцарыі падтрымлівае далейшую дыскусію пра гэты безумоўны даход”, — кажа Іосуб.

Апошнім часам усё больш краінаў падымаюць тэму безумоўных выплат, да прыкладу, Фінляндыя і Нідэрланды. І гэта не проста мода. Па словах аналітыка, ужо некалькі стагоддзяў эканамісты развітых краін прагнуць пабудаваць справядлівае з сацыяльнага пункту гледжання грамадства. Але дагэтуль такія спробы заўжды завяршаліся праваламі.

Таксама, на думку Іосуба, адміністраваць размеркаванне сацыяльных выплат для дзяржавы вельмі дорага, бо патрэбна стварэнне спецыяльнага бюракратычнага апарату. І адзін з найпрасцейшых крокаў зрабіць гэтае адміністраванне больш танным — выдаваць усім аднолькавую суму. Гэта скароціць вялікую колькасць чыноўнікаў, якія займаюцца пытаннямі “справядлівага падзелу грошай”. Але, вядома, такое пытанне актуальнае толькі для тых краін, дзе ёсць прафіцыт бюджэту.

Фота: ejinsight.com

Да чаго прывядзе ўвядзенне сістэмы безумоўных выплат у якой-небудзь краіне?

 

Нават у палітыкаў і эканамічнай навуцы няма агульнапрызнанага меркавання, добра гэта ці дрэнна. Але ўсе гэтыя дыскусіі на нашых вачах ствараюць новы сацыяльны інстытут. Яшчэ не так даўно чалавецтва жыло без пенсійнага забеспячэння, і недзе стварэнне такой сістэмы было рэвалюцыяй. Сёння ж для большай часткі чалавецтва пенсія — ужо звыклая рэч.

“Эканамічнае жыццё — гэта пастаяннае стварэнне новых інстытутаў. І, магчыма, гэтыя незвычайныя рэчы для нашых дзяцей стануць надзённымі і звыклымі”, — кажа Іосуб.

Швейцарыя стала першай краінай у свеце, якая правяла рэферэндум па ўвядзенні гарантаванага даходу. Калі б яго падтрымала большасць удзельнікаў рэферэндуму, усе дарослыя (у тым ліку і беспрацоўныя) атрымлівалі б 2250 еўра штомесячна. Такія змены каштавалі б Швейцарыі амаль 188 мільярдаў еўра штогод. 135 мільярдаў меркавалася ўзяць з падаткаў, астатнія 53 мільярды — з фондаў сацыяльнага страхавання.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі