Чаму прэм’ер-міністра не было ў парламенце, калі дэпутаты прымалі бюджэт?

05/10/2016 - 14:05

Цягам двух дзён, 3 і 5 кастрычніка, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымаюць бюджэт на наступны год. Але ні ў першы, ні ў другі дзень у Авальнай зале так і не з’явіўся прэм’ер-міністр Кабякоў. Няўжо прэм’еру нецікава, як будзе прымацца бюджэт краіны?

“На “нулявым чытанні” прэм’ер прысутнічаў, а падчас першага мы былі ў Малдове, — тлумачыць Еўрарадыё прэс-сакратар прэм’ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч. — А наконт сёння — вы патэлефануйце ў Палату прадстаўнікоў і пацікаўцеся, ці запрашалі яны сёння кіраўніка ўрада. Што да чальцоў урада, то былі, напэўна, бо я не ведаю, міністры ці намеснікі міністраў — звычайна яны там прысутнічаюць. А наконт віцэ-прэм’ераў… А ці гэта прапісана, што яны абавязаныя прысутнічаць?”

Сапраўды, і ў першы, і ў другі дзень чытання бюджэту “міністэрская ложа” — амаль пустая. Больш за тое, калі ў першы дзень Авальную залу наведалі міністр фінансаў Амарын, прадстаўнікі Міністэрства па падатках і зборах, міністр працы і сацыяльнай абароны Шчоткіна, віцэ-прэм’ер Калінін, прадстаўнікі яшчэ пары-тройкі міністэрстваў, то на другое чытанне ў парламент прыйшлі толькі міністр фінансаў і прадстаўніца падатковага міністэрства.

Міністра па надзвычайных сітуацыях у разлік не бяром: ён выступае з дакладам па сваім пытанні і сыходзіць, нават не дачакаўшыся пачатку абмеркавання законапраектаў з “бюджэтнага пакета”.

А гэта тая ж "міністэрская ложа" падчас прыняцця бюджэту-2016: тут і прэм’ер-міністр Кабякоў, і памочнік прэзідэнта, і кіраўнікі ключавых міністэрстваў

Можа, сапраўды ўся справа ў тым, што прэм’еру забыліся даслаць запрашэнне на пасяджэнне парламента па бюджэце?

“Ніколі мы прэм’еру такіх запрашэнняў не дасылалі, — нават здзіўляюцца майму пытанню ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў. — Палічыў бы патрэбным — прыйшоў бы”.

Тым больш што парламент і ўрад знаходзяцца ў адным будынку. Каб трапіць у Авальную залу, прэм’еру нават на двор выходзіць не трэба.

На сайце Савета міністраў няма ніякай інфармацыі пра тое, чым сёння займаецца прэм'ер...

Фота Змітра Лукашука

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі