Чаму Літва прызнала Астравецкую АЭС пагрозай нацбяспецы? Тлумачыць эколаг

15/06/2017 - 19:23

15 чэрвеня стала вядома, што Сейм Літвы прызнаў АЭС у Астраўцы пагрозай нацыянальнай бяспецы. За гэта выказалася пераважная большасць літоўскага парламента — 104 дэпутаты са 141. 

Што новы закон значыць для стасункаў Літвы і Беларусі? Галасаванне ў Сейме прыпала на час правядзення ў Мінску вялікага экалагічнага форума — Сесіі Рады бакоў Канвенцыі Эспа. У парушэнні якраз гэтай міжнароднай канвенцыі, а таксама яшчэ дзвюх: Орхускай і Канвенцыі аб ядзернай бяспецы — абвінавачваюць беларусаў дэпутаты Сейма і літоўскі МЗС.

Антыядзерная актывістка Раса Навіцкіене кажа Еўрарадыё, што Сейм "выпрастаў пазваночнік" літоўскай дэлегацыі, якая дагэтуль паводзіла сябе на мінскай сесіі вельмі няўпэўнена. У рэзалюцыі краіны-ўдзельніцы форума мусяць выказаць агульную пазіцыю па будаўніцтве Астравецкай АЭС. Распрацоўка дакумента ідзе з вялікімі цяжкасцямі. Пытанне атамнай станцыі нават знялі з агульнага абмеркавання — яго вырашаюць за зачыненымі дзвярыма, без удзелу прадстаўнікоў грамадскасці.

Пры гэтым самі літоўскія дэлегаты не гатовыя каментаваць новы закон — адны "ўзялі паўзу" да канца мінскай сесіі, а іншыя прызнаюцца, што папросту не ведаюць канчатковага тэксту, зацверджанага дэпутатамі Сейму.

Таццяна Новікава, сябра Рады ГА "Экадом" і каардынатарка Беларускай антыядзернай кампаніі, звязвае закон, які абвясціў Астравецкую АЭС асабліва небяспечнай, з іншым заканадаўчым актам, прынятым Сеймам у красавіку. "Гэтым законам вызначаюцца меры па абароне энергетычнай сістэмы Літвы ад электраэнергіі з асабліва небяспечных атамных электрастанцыяў трэціх краінаў. Беларусь там увогуле не называецца. А трэцці краіны — гэта ўстойлівае юрыдычнае азначэнне для дзяржаваў, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз. Бо ў ЕС дзейнічаюць іншыя працэдуры. 

Закон кажа, што Літва не мусіць набываць электраэнергію з асабліва небяспечных атамных электрастанцый. Яны ўвогуле не мусяць прысутнічаць на рынку. Як мне здаецца, закон, прыняты сёння, гэта крок па рэалізацыі таго, красавіцкага закона. Сейм прызнаў, што Беларуская АЭС — асабліва небяспечная. Гэта значыць, яна трапляе пад дзеянне красавіцкага закона. А гэта, у сваю чаргу, значыць, што электраэнергія з яе — як і ўся электраэнергія з Беларусі — не будзе прымацца на літоўскім рынку".

На думку кансультанта Greenpeace па атамнай энергетыцы Яна Хаверкампа, будуючы АЭС у 50 км ад Вільні, Беларусь мусіла б прадбачыць незадаволенасць літоўцаў і быць гатовай да пошукаў кампрамісу. Аднак пакуль пазіцыя нашай краіны не адрозніваецца гнуткасцю, лічыць адмыслоўца.  

У размове з карэспандэнтам Еўрарадыё сп. Хаверкамп заўважыў, што сёння ў Беларусі ёсць магчымасць зрабіць перапынак у будаўніцтве станцыі, з павагай паставіцца да патрабавання літоўскага боку і, такім чынам, не сапсаваць адносіны з суседам канчаткова. "Праз два гады гэта будзе вам каштаваць нашмат даражэй", — мяркуе эксперт Greenpeace.

Але Беларусь не збіраецца адступаць. Віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка кажа, што літоўскі Сейм адмыслова палітызуе пытанне Астравецкай АЭС замест таго, каб абмяркоўваць яго па сутнасці.

"Гэты працэс надта палітызаваны. Не ў соль, не ў сутнасць пытання, вось што я магу сказаць. Бо хто, як не беларусы, найбольш пацярпелыя ад Чарнобыльскай трагедыі, разумеюць, што такое будаваць АЭС і ўлічыць усе патрабаванні, выпрацаваныя сумным досведам чалавецтва".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі