Былы памочнік пракурора Брэста за гандаль спайсамі атрымаў 14 гадоў калоніі

22/03/2017 - 06:06

Былы памочнік пракурора Брэста Аляксандр Вільхавы за гандаль спайсамі атрымаў 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд быў агучаны 21 сакавіка ў судзе Маларыцкага раёна. 28-гадовага Вільхавога прызналі вінаватым у незаконным набыцці, перавозцы, захоўванні і збыце небяспечнага псіхатропнага рэчыва (ч. 3 арт. 328 КК). Прысуд яшчэ не набыў законную сілу, інфармуе sb.by.

Па версіі следства, Аляксандр Вільхавы купіў псіхатроп у снежні мінулага года праз інтэрнэт. "Закладка" з "таварам" знаходзілася побач з будынкам пракуратуры. Частку псіхатропа зламыснік прадаў сваёй знаёмай за 30 рублёў.

Партал tut.by дадае, што падчас службы ў пракуратуры Вільхавы быў знаёмы з супрацоўнікамі наркакантроля, паколькі падтрымліваў абвінавачванні ў тым ліку і па справах за незаконны абарот наркотыкаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі