Былога кантрактніка ўнутраных войскаў асудзілі на "хімію" за абразу міліцыянта

14/12/2020 - 18:59

11 снежня суд Віцебскага раёна асудзіў віцябляніна Ягора Карапузава на паўтара года "хіміі" за слова "тварь" у дачынені да міліцыянта. Гэтае слова мужчына напісаў у паведамленні ў ТГ-канале "Банда Лукі". Суд палічыў гэта публічнай абразай прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.

Справу Карапузава разглядаў суддзя Міхаіл Зубеня, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Пацярпелым выступаў супрацоўнік Чыгуначнага РАУС Віцебска маёр міліцыі Андрэй Зуеў.

Карапузаў спытаўся ў ТГ-канале каардынаты маёра Зуева і напісаў пра яго "тварь". Праваабаронцам мужчына расказаў, што 11 жніўня яго затрымалі па арт. 23.34 КаАП, а ў аддзяленні міліцыі ў яго адбыўся канфлікт з адным з супрацоўнікам.

"Ён да мяне падышоў і сказаў: "Раб, нашто табе свабода? Што ты з ёй будзеш рабіць?" Для мяне гэта было поўнай знявагай. Мы пачалі з ім сварыцца, спрачацца, а потым, калі я сядзеў у камеры ІЧУ, сукамернікі сказалі, што гэта, хутчэй за ўсё, Зуеў", — кажа віцяблянін. Пасля гэтага ён пачаў шукаць каардынаты міліцыянта, каб упэўніцца, ці з ім была размова. 

Адвакат абвінавачанага настойваў, што слова "тварь" не несла ў сабе абразы і было было ўжытае не ў тым сказе, у якім згадваецца прозвішча Зуева. Але суд на гэта не звярнуў увагі. Лінгвістычная экспертыза прыйшла да высновы, што прысутнічала абраза Зуева. "А сам ён, у сваіх здагадках, вырашыў, што я абразіў яго і як асобу, і як супрацоўніка МУС у сувязі з выкананнем ім яго службовых абавязкаў. У судзе і я, і адвакат неаднаразова казалі пра тое, што тут ні пры чым ягоная праца. Але нас нават слухаць не сталі", — распавядае Карапузаў.

Па яго словах, суд спасылаўся на не вельмі станоўчую характарыстыку, якую даслалі з месца былой працы Ягора Карапузава ва ўнутраных войсках РБ. Мужчына адслужаў там паводле кантракту пяць гадоў. "Ну, дык як жа яны напішуць добрую характарыстыку, калі атрымліваецца, што супраць іх усё і ідзе", — канстатуе ён характарыстыку з былога месца службы.

Таксама Карапузаў кажа, што яго выклікалі ва ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС і прапаноўвалі запісаць відэа з выбачэннямі перад Зуевым і ўсімі супрацоўнікамі. Карапузаў згадзіўся, але на судзе супрацоўнік МУС заявіў, што гэтыя выбачэнні былі няшчырыя і ён іх не прымае.

Карапузаву прысудзілі паўтара года ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Акрамя таго ён павінен заплаціць маёру Зуеву 500 рублёў кампенсацыі за маральную шкоду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі