Былая гімназістка — пра настаўніцу, якую асудзілі за падтрымку Украіны

28/06/2024 - 12:49

Дар'я Хмяльніцкая / vk.com

Былая гімназістка расказала Еўрарадыё пра 24-гадовую мінскую настаўніцу Дар'ю Хмяльніцкую, якую за падтрымку Украіны і ўдзел у пратэстах асудзілі на 5,5 года зняволення. Хмяльніцкая закончыла філфак БДУ па спецыяльнасці "ўсходняя філалогія" і выкладала кітайскую мову ў сваёй роднай 23-й гімназіі ў сталіцы.

Суразмоўца Еўрарадыё тры гады таму вучылася ў класе, дзе Дар'я Хмяльніцкая была класнай кіраўніцай. "Яна ўстрымлівалася ад каментароў, датычных палітычных падзеяў — хутчэй за ўсё праз выразна пралукашэнкаўскую пазіцыю кіраўніцтва, — распавядае дзяўчына. — Увогуле памятаю яе як нядрэннага чалавека, трохі строгага. Ад навіны я ў шоку...".

Былая гімназістка кажа, што ў яе нават калісьці "склалася ўражанне, што яна хутчэй пралукашэнкаўскіх поглядаў". Падобна да таго, што на настаўніцу моцна паўплываў напад Расіі на Украіну ў лютым 2022 года. Між іншага, у віну ёй закінулі данаты на карысць украінскага войска. Хмяльніцкую затрымалі восенню мінулага года. Суд адбыўся ў красавіку 2024-га, але прысуд стаў вядомы толькі цяпер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі