Брэсцкае "Дынама" пералічыла "Нёману" грошы за Паўла Савіцкага?

12/03/2019 - 16:05

Брэсцкае "Дынама" пералічыла гродзенскаму "Нёману" грошы за нападаючага Паўла Савіцкага, інфармуе партал TUT.by. Пакуль невядома, ці гэта ўся сума (265 тысяч долараў), ці яе частка. Як вядома, таленавіты футбаліст перайшоў у "Дынама" ў канцы 2017 года ў якасці свабоднага агента. Пазней "Нёман" запатрабаваў кампенсацыю за яго падрыхтоўку, спасылаючыся на дакументы федэрацыі. Першапачаткова гэта былі 600 тысяч долараў. Пасля сума зніжалася — да $265 тысяч. Аднак брэсцкае "Дынама" плаціць адмаўлялася, спрабавала шукаць праўду ў розных судах, але справу не прынялі да разгляду. У выніку Беларуская федэрацыя футбола наклала на клуб санкцыі: было забаронена рэгістраваць новых футбалістаў, узнікла пагроза, што каманду не дапусцяць да ўдзелу ў чэмпіянаце.

12 сакавіка з'явіўся відэазварот кіраўніка клуба, бізнесмена Аляксандра Зайцава. Ён супакоіў балельшчыкаў, сказаў, што даў каманду "пайсці на дыялог з футбольным клубам "Нёман". "Федэрацыя нас прымушае заплаціць за гэтага гульца, пагражаючы не дапусціць клуб да ўдзелу ў чэмпіянаце [Беларусі] 2019 года, — гаварыў Зайцаў. — У бліжэйшыя дні ўсё вырашыцца... Мы выканаем незаконныя патрабаванні, з нашай кропкі гледжання... Але застаецца шэраг пытанняў да федэрацыі футбола, на якія мы не атрымалі адказу... Я ўпэўнены, што горад Брэст і ўся наша вобласць не застануцца без футбола. Тым больш у год тысячагоддзя горада. Для мяне ў прыярытэце застаецца чалавек, просты балельшчык...".

Паўлу Савіцкаму 24 гады. Летась ён стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Беларусі, забіў 15 галоў. Савіцкі — гулец нацыянальнай зборнай нашай краіны.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі