Брамніка БАТЭ Верамко дыскваліфікавалі на пяць матчаў

07/08/2017 - 19:58

Дысцыплінарны камітэт пастанавіў дыскваліфікаваць брамніка ФК БАТЭ Сяргея Верамко на пяць матчаў. Акрамя таго, ён аштрафаваны на 1150 рублёў (50 базавых велічыняў). Такое рашэнне было прынятае 7 жніўня на пасяджэнні дысцыплінарнага камітэта, інфармуе афіцыйны сайт Беларускай федэрацыі футбола.

Верамко пакаралі за інцыдэнт на выязным матчы 17-га тура чэмпіянату Беларусі, калі БАТЭ сустракаўся з "Мінскам". У сустрэчы барысаўчане прайгралі з лікам 0:1, у выніку чаго апусціліся на трэцяе месца ў турнірнай табліцы.

Пад канец гульні Верамко прыбег амаль да штрафной плошчы гаспадароў, дзе на траве ляжаў футбаліст "Мінска", а арбітр выклікаў на поле медыкаў. Брамнік БАТЭ прыспешваў сапернікаў хутчэй аднавіць гульню. Тое ж ён патрабаваў у суддзі Віталя Севасцяніка, прычым перад тварам рэферы ён махаў рукамі. Той паказаў галкіперу жоўтую картку.

Верамко, аднак, не супакоіўся і працягваў гучна абурацца судзействам нават пасля фінальнага свістка. За гэта ён атрымаз другую жоўтую, а потым і чырвоную картку.

У сваім рапарце Севасцянік адзначыў, што выдаліў футбаліста за пагрозу фізічнай расправы з суддзёй матчу.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі