Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Вашынгтоне з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. Сустрэча ў Дзярждэпартаменце працягвалася гадзіну. Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, у ёй таксама ўдзельнічалі намеснік дзяржсакратара Вікторыя Нуланд і дарадца Дзярждэпартамента ЗША Дэрэк Шоле.
Сустрэча прайшла ў закрытым для прэсы фармаце. Вядома, што Блінкен сказаў Ціханоўскай, што ён знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Белым домам і прэзідэнтам Джо Байдэнам, і яны абмяркоўваюць беларускае пытанне.
На сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя з пасадкай самалёта Ryanair у Беларусі, атака ўладаў на грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ, плынь нелегальных мігрантаў з Беларусі ў Літву.
Святлана Ціханоўская заклікала ЗША прыняць пакет тэрміновай падтрымкі для медыя, грамадзянскай супольнасці, рэпрэсаванага бізнесу, студэнтаў і выкладчыкаў, палітвязняў і іх сем'яў, а таксама даць сігнал Расіі аб тым, што падпісаныя з дзейнымі ўладамі Беларусі дамовы не будуць прызнаныя ў будучыні. Ціханоўская заклікала ўзмацніць ("разам з партнёрамі") палітычны і эканамічны ціск на афіцыйны Мінск.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут