Бізнэсмена Арбузава, які знаходзіцца пад следствам, выпусцілі на волю

12/05/2018 - 09:24

Бізнэсмен Віталь Арбузаў, якому належыць група кампаніяў Fenox Global Group, выйшаў на волю. Як паведамляе TUT.by, прадпрымальнік знаходзіўся за кратамі болей за год — ён з’яўляецца фігурнатам справы аб маштабных эканамічных злачынствах. Цяпер, пакуль ідзе следства, Арбузаў будзе на волі. За яго даручылася некалькі асобаў.

У красавіку 2017 года Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю сумесна з Дэпартаментам фінансавага маніторынгу КДК выявіў у дзейнасці старшыні групы кампаніяў Fenox Global Group і шэрагу службовых асобаў беларускіх прадпрыемстваў маштабныя парушэнні, звязаныя з ухіленнем ад уплаты падаткаў, а таксама з неправамерным атрыманнем з бюджэту ПДВ. Паводле КДК, падкантрольныя Арбузаву кампаніі завышалі кошты імпартаванай прадукцыі, а калі прадавалі сваю прадукцыю за мяжу, то рабілі гэта за наяўны разлік і афармлялі дакументы на экспарт па заніжаным кошце. Гэта дазваляла заніжаць выручку і вяртаць з бюджэту ПДВ.

Такім чынам прадпрыемствы групы зводзілі да мінімуму памер падаткаў, якія мелі плаціць у бюджэт. Сума нявыплачаных падаткаў дасягала 40 мільёнаў рублёў. Крымінальныя справы былі распачатыя паводле ч. 1-4 арт. 210 (раскраданне шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) КК, а таксама паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад уплаты сум падаткаў, збораў) КК.

У студзені паводле справы Fenox Global Group затрымалі яшчэ дваіх фігурантаў. Пад вартай апынулася пяць супрацоўнікаў кампаніі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі