Ілюстрацыя мастака "БелГазеты" Васіля Пачыцкага / facebook.com/vasiapoch
На сайце "БелГазеты" з'явіўся артыкул "Абкладзены "ватай", падпісаны "калектывам рэдакцыі "БелГазеты". Яго аўтары дзеляцца меркаваннямі аб дзейнасці асноўнага ўладальніка газеты Кірыла Жываловіча, якую лічаць прычынай крызісу ў выданні. Акрамя іншага, там сказана, што на Жываловіча, якому належыць 75,6% акцый "БелГазеты", пададзена заява ва УБЭЗ.
Пасля таго як 28 студзеня на матэрыял звярнулі ўвагу беларускія СМІ, сайт "БелГазеты" стаў недаступны.
"Сайт часова недаступны, гэта літаральна пытанне двух дзён. Гэта тэхнічныя праблемы, яны меліся і раней. Таму заўтра-паслязаўтра сайт адновіць працу. А ў крыху больш далёкай перспектыве — у абноўленым выглядзе", — запэўнівае Еўрарадыё Кірыл Жываловіч. Ён 28 студзеня знаходзіцца ў рэдакцыі "БелГазеты" — яму перадалі трубку гарадскога тэлефона, калі туды патэлефанавала наша журналістка.
Жываловіч лічыць, што пад тэкстам падпісалася не ўся рэдакцыя, а адзін канкрэтны чалавек. Праўда, асобу аўтара не ўдакладняе.
"Калі гэта сапраўды так [факт падачы заявы ў аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. — Еўрарадыё], то я не баюся зносін ні з УБЭЗ, ні з іншымі ведамствамі", — заяўляе ён.