Чаму беларусы ўсё часцей лаюцца ў сацсетках — і як наладзіць зносіны?

05/07/2024 - 15:08

Беларусы любяць паспрачацца ў сацсетках / unsplash.com

Як не залезу ў Фэйсбук — хтосьці з кімсьці сварыцца, — дзеліцца перажываннямі слухачка Еўрарадыё. — То "ўсе павінныя гаварыць па-руску", то "вось вы з'ехалі, а мы засталіся"... Бясконцы хейтспіч пры гэтым!

Раней я гадзінамі скроліла стужку, але апошнія паўгода заходжу ўсё радзей, — кажа яшчэ адна беларуска. — Чаму? Ды надакучыла. Па-мойму, народ ужо жыць не можа без гэтых бульбасрачаў.

Гэта ад фрустрацыі ці ад стомы?

Пра тое, чаму беларусы ўсё часцей лаюцца ў сацсетках і ці можна нешта зрабіць, каб нашыя зносіны сталі больш экалагічнымі, гаворым з псіхолагам Ганнай Матуляк.

Назапашаны стрэс і стомленасць

— Я думаю, што галоўная прычына сварак у сацсетках — у тым, што стомленасць і назапашаны стрэс нікуды не знікаюць, — кажа псіхолаг. — І не так шмат людзей насамрэч адказна клапоцяцца пра свой стан — разумеюць яго, звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў. 

Калі кампутар замест псіхолага / unsplash.com

Наўмысныя і ненаўмысныя правакацыі ў паведамленнях

Яшчэ вельмі важна разумець, на якую тэму разгараюцца самыя гарачыя спрэчкі. Напрыклад, адна з самых частых тэмаў — канфлікт паміж тымі, хто з'ехаў з Беларусі, і тымі, хто застаўся. На думку Ганны Матуляк, уступаючы ў такія спрэчкі, беларусы спрабуюць упэўніцца ў правільнасці ўласнага рашэння.

Таму пасты на гэтую тэму заўсёды збіраюць шмат каментароў.

Сваркі разгараюцца ў тым ліку таму, што чалавек не заўсёды ўсведамляе правакацыю ва ўласным паведамленні, — працягвае псіхолаг. — Напрыклад, хтосьці піша: "Я не з'язджаю з Беларусі, бо патрыёт(-ка) і вельмі люблю сваю Радзіму". Вядома, такі пост можа стаць адчувальным трыгерам для людзей, якія з'ехалі. То-бок раз мы вымушаныя былі з'ехаць — мы не патрыёты? Кожны ўспрымае прачытанае асабіста — і пачынаецца барацьба, якая, на жаль, прыводзіць да непрыемных наступстваў

Цягнік у Беларусь / Марыя Вайтовіч

Разарваныя сувязі

Яшчэ адна папулярная тэма спрэчак у сацсетках — беларуская і руская мовы. У 2020 годзе, калі людзі выходзілі на вуліцы, канфліктаў на гэтай глебе нібыта не ўзнікала. Маўляў, не так важна, на якой мове напісаны твой плакат, калі ты выступаеш супраць гвалту і за мірныя перамены. Агульная ідэя і надзея на тое, што чым больш людзей выйдзе на пратэсты, тым хутчэй сітуацыя зменіцца, нібыта прымірыла беларусаў з рознымі поглядамі на моўнае пытанне. Чаму ж людзі сварацца цяпер?

— Тут таксама можна казаць пра тое, як чалавек дае рады ўласным абмежаванням або абставінам і чаму пераносіць гэта ўсё на іншых, — адказвае Ганна Матуляк. — Часам яму хочацца прадэманстраваць уласную ўнікальнасць ці неяк справіцца з назапашанай агрэсіяй. Ад бяссілля ён пачынае бачыць ворага ў кожным. Часам чалавеку сапраўды сорамна, што ён не гаворыць па-беларуску, і тады любы негатыўны каментар на гэтую тэму ён будзе прапускаць праз сябе і ўспрымаць так, нібыта яго сарамацяць. Нехта больш устойлівы і пройдзе міма, нехта — адкажа. 

Кантактуйце з сябрамі, не трымайце ўсё ў сабе / unsplash.com

Як зрабіць зносіны ў сацсетках больш экалагічнымі

— Вось бы ўсе беларусы раптам зразумелі, што цяпер не час сварыцца, і сталі дабрэйшымі адно да аднаго, — марыць адна са слухачак Еўрарадыё.

На жаль, адзін чалавек не можа паўплываць на сітуацыю і зрабіць так, каб людзі перасталі выліваць у сацсеткі сваю агрэсію. 

Як кажа Ганна Матуляк, словы "хопіць сварыцца", "усім міру і дабра" і да т. п. могуць спрацаваць на ўдзельнікаў дыскусіі як чырвоная ануча, а чалавек у белым паліто выкліча яшчэ больш негатыву.

Таму найлепшае, што можа зрабіць кожны беларус, які стаміўся ад пастаянных бульбасрачаў, — гэта пачаць з сябе. Трэба клапаціцца пра сваё псіхічнае здароўе і не "падкідваць дроваў" у канфліктныя перапіскі.

Пакуль гэта адзіная парада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі