У жніўні і верасні беларусы здавалі больш чым па $1 млрд / Reuters
У верасні фізічныя асобы купілі замежнай валюты на $836 млн, а прадалі на $183 млн больш — $1019 млн. Другі месяц запар беларусы прынеслі ў абменнікі больш за $1 млрд і трэці месяц прадаюць больш валюты, чым купляюць.
Еўрарадыё паразмаўляла з экспертам і даведалася, чаму людзі і далей будуць здаваць валюту і як гэта адбіваецца на золатавалютных рэзервах.
Беларусы дасталі валютныя заначкі, таму што пачалі бяднець і цяпер спрабуюць падтрымаць узровень жыцця, да якога прывыклі, расказвае эканаміст, кіраўнік праекта "Кошт Урада" Уладзімір Кавалкін. Так адбываецца з некалькіх прычын.
— Першая — гэта інфляцыя, якая ўзрасла да 10,2% гадавых. Гэта афіцыйныя звесткі, а рэальныя звесткі будуць вышэйшыя, таму што ў нас частка цэн адміністрацыйна рэгулюецца. У сувязі з гэтым маніторынг цэн адбываецца ў тым ліку па рэгуляваных. А прадпрыемствы паводзяць сябе хітра: пагаршаюць якасць, змяняюць упакоўку. І той самы тавар пачынаюць прадаваць даражэй. Гэта значыць, хутчэй за ўсё, інфляцыя вышэйшая, — адзначае эксперт.
Другая прычына — не растуць рэальныя даходы.
— Адпаведна, каб захаваць той узровень жыцця і спажывання, які быў раней, людзям даводзіцца залазіць у адкладзеныя грошы і здаваць валюту.
Для Нацбанка момант склаўся ўдалы. Бо валюту, якую здаюць людзі, ён можа купіць і пакласці ў золатавалютныя рэзервы. Прычым выдаткаваць не занадта шмат рублёў, бо курс беларускага рубля ўмацоўваецца з пачатку года.
Так, у верасні Нацбанк выплаціў знешніх і ўнутраных даўгоў на $240 млн, а ЗВР знізіліся толькі на $36,8 млн.
— Умацаванне рубля звязанае не толькі з тым, што людзі дасталі заначкі. У кастрычніку плацяцца квартальныя падаткі. І многія прадпрыемствы трымаюць рэзервы ў цвёрдай валюце. Калі трэба плаціць падаткі, яны гэтую валюту прадаюць, купляюць рублі і плацяць падаткі.
На думку эксперта, людзі будуць бяднець і прадаваць больш валюты, чым купляць. Тым больш пакуль для гэтага ёсць магчымасці, бо за дзевяць месяцаў 2021 года беларусы вынеслі з банкаў валютных укладаў на $770 млн.
Затое прадпрыемствы не будуць здаваць валюту да студзеня 2022 года, калі зноў прыйдзе час плаціць квартальныя падаткі.
Уладзімір Кавалкін адзначае, што пакуль Нацбанк купляе валюту і ЗВР стаяць на месцы. Далей памер ЗВР будзе залежаць ад прытоку валюты ў краіну і таго, як будуць працаваць санкцыі.
— У нас пачалося моцнае скарачэнне рабочых месцаў. Гэта азначае, што беларусы паедуць на заробкі за мяжу. І яны будуць адпраўляць валюту сваім сваякам у Беларусь. Таму цалкам магчыма, што за кошт гэтага нейкі прыток валюты будзе і фізічныя асобы і далей будуць здаваць валюту.
Затое прадпрыемствы наўрад ці змогуць зарабляць і здаваць валюту, як раней.
— Калі глядзець агульны трэнд, то ён пагрозлівы. Таму што санкцыі павінны спрацаваць, экспарт павінен упасці і праблемы павінны быць. Але як гэтыя санкцыі спрацуюць, наколькі хутка гэта адбудзецца, гаварыць складана. Таму што сітуацыя вельмі дынамічная.
Тым больш у нас улады кожны тыдзень здзяйсняюць нейкія неардынарныя неабдуманыя ўчынкі, якія могуць перавярнуць сітуацыю з ног на галаву. Таму даваць прагноз больш, чым на пару месяцаў, можа толькі варажбітка. Але ў кароткатэрміновым перыядзе сітуацыя з рэзервамі захаваецца, — рэзюмуе Уладзімір Кавалкін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут