Ілюстрацыя Віктара Баранава / "Новая газета — Балтыя"
Пасля пачатку вайны Латвія значна скараціла магчымасці міграцыі для грамадзян Расіі і Беларусі. У спецпраекце "З'ехаць нельга застацца" "Новая газета — Балтыя" расказвае гісторыі беларусаў і расіян, якія ў розныя гады з розных прычын выбралі Латвію сваім новым домам. Не ўсе яны ўпэўненыя, што атрымаецца застацца.
Марына Гагарына (імя змененае на яе просьбу — заўв.) з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе. "Рашэнне было звязанае з тым, нашы з мужам палітычныя погляды не супадаюць з палітыкай беларускай дзяржавы", — кажа Марына.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года яе мужа затрымалі за ўдзел у пратэсных маршах. Пасля сутак сям'я зразумела, што трэба з'язджаць. Выбралі Украіну, бо туды не трэба было афармляць візу. Пражылі ў Адэсе амаль год.
"Спачатку атрымалі падаўжэнне дазволенага знаходжання ў краіне, а потым пачалі афармляць від на жыхарства. Але атрымаць ВНЖ не паспелі — 24 лютага пачалася вайна, і ўжо на наступны дзень мы вырашылі з'язджаць. Калі на руках двое дзяцей, асабліва доўга разважаць не даводзіцца", — тлумачыць Марына.
Марына з мужам і дзецьмі не планавалі пераязджаць мэтанакіравана ў Латвію. Свой пераезд у Рыгу жанчына называе збегам абставінаў. У Латвію заехалі па польскіх гуманітарных візах. Ужо аказаўшыся ў краіне, беларусы задумаліся над афармленнем свайго статусу ў Латвіі.
"Муж атрымаў працоўную візу. Гэта было даволі проста, бо спецыялісты IT-сферы, у якой ён працуе, у Латвіі цэняцца высока. Але калі муж падаў дакументы на ўз'яднанне сям'і, у прадстаўнікоў латвійскага міграцыйнага ведамства паўсталі пытанні — а чым я тут буду займацца і пры чым тут наогул дзеці? Ці не лепш нам вярнуцца назад у Беларусь?
Маўляў, палітычны пераслед тычыўся толькі майго мужа, які не можа вярнуцца назад на радзіму. Увогуле нам давялося шукаць нейкія юрыдычныя падставы, каб застацца ў Латвіі і, дзякуй богу, мы іх знайшлі. Цяпер мы легальна знаходзімся ў Латвіі дзякуючы рабочай візе мужа. Але ў мяне, як і ў дзяцей, усяго толькі віза працяглага знаходжання ў краіне без права ўладкавацца на працу", — расказвае Марына.
Першапачаткова сям'я планавала падаваць дакументы на віды на жыхарства. Але 9 красавіка ўступілі ў сілу папраўкі да латвійскага іміграцыйнага закона, якія прадугледжваюць прыпыненне да 30 чэрвеня 2023 года выдачы першасных відаў на жыхарства грамадзянам Расіі і Беларусі з агаворкай на некаторыя выключэнні.
"Беларусь — гэта краіна-агрэсар. Таму спачатку мы чакалі, калі нам афіцыйна выдадуць адмову ў відзе на жыхарства, і толькі потым пачалі афармляць працоўную візу", — успамінае Марына.
Цяпер сям'я ў падвешаным стане — рабочая віза не бясконцая, і ў мужа Марыны яна мінае праз паўгода. Адпаведна, тады ж перастаюць дзейнічаць візы Марыны і дзяцей.
"І пакуль будзе дзейнічаць закон пра тое, што беларусам нельга выдаваць першасныя віды на жыхарства, у нас вялікае пытанне: што нам рабіць? Тэарэтычна муж можа падоўжыць працоўную візу — у яго кантракт на некалькі гадоў, — але, наколькі я ведаю заканадаўства Латвіі, зрабіць гэта ў цяперашніх умовах вельмі праблематычна", — тлумачыць Марына.
Сям'я разглядае палітычны прытулак як крайні варыянт. "Хочацца спадзявацца, што рэжым Лукашэнкі абрынецца і сітуацыя зменіцца, але пакуль мы не будзем прасіць прытулку. Таму што не хочацца канчаткова абрываць сувязь з радзімай. А калі мы папросім прытулку, то паехаць у Беларусь ужо не зможам", — дадае беларуска.
Марына спадзяецца, што калі скончыцца тэрмін забароны на выдачу ВНЖ грамадзянам Беларусі і Расіі, латвійскія ўлады неяк перагледзяць сітуацыю і ўсё ж пачнуць выдаваць дакументы.
"Гэта вельмі вялікая праблема, я лічу, з гэтым трэба нешта рабіць. Асабліва бачачы, што тыя, хто прыехаў у Латвію, гатовыя тут працаваць і плаціць падаткі, вучыць латышскую мову. На мой погляд, трэба мяняць гэты закон, бо сапраўды ёсць людзі, якія пацярпелі ад гэтай палітыкі", — дадае яна.
Беларуска Надзея Ручанава пераехала ў Латвію ў 2018 годзе. Кажа, што ўжо тады разумела, што з краіны трэба з'язджаць. Надзея жыла ў Мінску, працавала дырэктаркай у IT-кампаніі. "Прыбыткі дазвалялі, і было жаданне атрымаць веды сусветнага ўзроўню", — успамінае Надзея. У 2017 годзе яна паступіла ў Стакгольмскую школу эканомікі і пачала прыязджаць у Рыгу на тыдзень кожны месяц.
Праз год Надзея выйшла замуж. Яе муж вырашыў паспрабаваць сілы ў латвійскай кампаніі, паспяхова прайшоў сумоўе. "Узважылі ўсе рызыкі, усе "за" і "супраць". І ўдваіх кінулі ўсё: я сваю пасаду дырэктара, ён таксама адмовіўся ад добрай пазіцыі", — расказвае Надзея.
Знаёмыя Надзеі не разумелі, чаму яна вырашыла з'ехаць. "Ну добра б яшчэ ў Лондан, але чаму ў Латвію?" — дзівіліся яны.
Сама Надзея кажа, што ўжо тады разумела: з Беларусі трэба будзе з'язджаць. Паводле прафесіі беларуска — крызісная кіраўніца. Яна кажа, што ўжо тады бачыла крызісныя сігналы на ранняй стадыі.
Цяпер Надзея сама кансультуе тых, хто пераязджае, як валанцёрка. Яна раіць усім, хто думае пра эміграцыю, зразумець сваю сітуацыю: "Калі нешта пагражае нашаму здароўю, блізкім, свабодзе, то мы не ў сітуацыі выбару, мы проста забяспечваем базавую бяспеку".
Калі гаворка ідзе пра эміграцыю як пра планавы выбар, Надзея раіць рыхтавацца да пераезду: падцягнуць англійскую мову, назапасіць грошай і стварыць сацыяльнае кола.
"Асаблівасць латышскага грамадства — высокая замкнёнасць, тут насамрэч вельмі цяжка знаходзіць сяброў. Многія пытаюцца, ці мае сэнс спачатку паехаць аднаму, асталявацца, а потым перавозіць сям'ю. Я заўсёды рэкамендую лепш ехаць усім разам, усім адразу. Калі ў цябе ёсць сям'я, усім разам нашмат лягчэй упісваць сябе ў новую прастору", — кажа Надзея.
Яна таксама раіць збіраць грошы на пераезд. Паводле яе ацэнак, трэба ад 5 тысяч еўра, калі чалавек планава забяспечвае пераезд усёй сям'і.
"Ёсць шмат даследаванняў, якія па сіле псіхалагічнай траўмы прыраўноўваюць рэлакацыю да страты блізкага сваяка першага кола. Калі ў вас ёсць хоць нейкі запас грошай на чорны дзень, лічыце, што ён надышоў. Пара дастаць заначку і перабіць бытавыя цяжкасці грашыма. Вы павінны купіць сабе трошкі камфорту", — раіць беларуска.
На думку палітолага Андыса Кударса, меры па скарачэнні магчымасцяў іміграцыі грамадзян Расіі і Беларусі апраўданыя: у Латвіі няма рэсурсу прымаць і ўладкоўваць людзей, а пускаць іх як працоўную сілу не дазваляе палітычны аспект праз трапяткое стаўленне да нацыянальнай ідэнтычнасці. Яшчэ адзін важны момант — гэта культурная траўма Латвіі праз савецкую акупацыю. "Цяпер я не бачу, што міграцыйныя плыні з Беларусі і Расеі павялічацца", — кажа Кударс.
Паводле слоў дэпутата, у краіне ёсць разуменне, што беларусы — гэта не расіяне, але ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне ва Украіне на баку Расіі цягне за сабой наступствы.
"Пасля беларускіх пратэстаў 2020 года Латвія з радасцю прыняла беларусаў, якім было прапанавана перавесці свае кампаніі (асабліва тыя, якія працуюць у сферы IT) у Латвію. Многія латышы спачувалі беларускім пратэстоўцам, якія мужна выступалі за дэмакратыю, — кажа Андыс Кударс. — Беларусы больш падобныя на балтыйцаў па ідэнтычнасці, чым на рускіх. Латвія ўжо шмат гадоў спадзяецца, што Беларусь вызваліцца ад расійскага кантролю і зробіцца дэмакратычным суседам. Ведаючы амбіцыі Крамля ў рэгіянальным панаванні, хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца толькі тады, калі ў самой Расіі адбудуцца значныя палітычныя змены".
Зразумела, што цяпер магчымасці з'ехаць у грамадзян Беларусі і Расеі змяншаюцца. Наколькі імаверныя якія-небудзь паслабленні з боку ўраду Латвіі і як прыпыненне міграцыі паўплывае на Латвіі ў доўгатэрміновай перспектыве?
— Вядома, ніхто не заплюшчвае вочы на дэмаграфічную праблему ў Латвіі. Многія з'ехалі пасля 2004 года, калі адкрыліся межы. Прырост насельніцтва адмоўны, як і ў Заходняй Еўропе, якая якраз вырашае праблемы з дапамогай патокаў мігрантаў. Латвія так рабіць не хоча. Існуе ціск з боку латвійскіх прыватных кампаній на палітыку міграцыі. Была партыя Айнарса Шлесерса, якая прасоўвала ідэю, што Латвіі трэба зарабляць з дапамогай продажу ВНЖ. Нацыянал-кансерватыўныя палітыкі кажуць, што ў нас ужо дастаткова рускіх і свае міграцыйныя квоты мы запоўнілі падчас савецкай міграцыі.
Вайна змяніла ўсё, цяпер я не бачу, што міграцыйныя патокі з Беларусі і Расіі павялічацца. Наадварот, стаўленне робіцца крытычным. Ёсць грамадскі ціск на палітыкаў і дыпламатаў Латвіі, каб яны сачылі, хто ўязджае ў краіну. Латвійскія ўлады дазваляюць прыязджаць толькі блізкім сваякам тых, хто ўжо тут.
Гэта не тычыцца ўкраінцаў. У нас вельмі шмат уцекачоў, каля 35 000 чалавек. Стаўленне да ўкраінцаў іншае — яны сапраўды бягуць ад вайны. Краіна-агрэсар — Расія, а Украіна абараняецца. Пры гэтым ёсць частка рускамоўных у Латвіі, якія агрэсіўна выступаюць супраць украінцаў. Гэты кантэкст таксама важны. Цяпер грамадства схіляецца да таго, што расіяне павінны не бегчы ад вайны, а займацца сваёй краінай. У Латвіі як не ў самай багатай краіны ў Еўропе няма рэсурсу прымаць яшчэ людзей і ўладкоўваць іх сацыяльна, а прымаць як працоўную сілу не дазваляе палітычны аспект праз трапяткое стаўленне да нацыянальнай ідэнтычнасці. Для народаў, якія ў колькасным сэнсе моцна прайграюць суседзям у насельніцтве, носьбітах дзяржаўнай мовы і памерах, заўсёды будзе боязь прайграць канкурэнцыю нацыянальнай ідэнтычнасці. Я прадбачу, што латвійскія палітыкі будуць шукаць рычагі, як паўплываць на нараджальнасць у Латвіі.
Пры падтрымцы "Медыясеткі"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут