Стала вядома, на якіх іншаземках часцей за ўсё жэняцца беларускія мужчыны

07/11/2021 - 11:30
Аддзел ЗАГС / kletsk.gov.by, ілюстрацыйнае фота

Беларускія мужчыны часцей за ўсё бяруць шлюб з грамадзянкамі Расіі, паведамляе Белстат у статыстычным аглядзе да Сусветнага дня мужчын. У мінулым годзе быў заключаны 851 такі шлюб.

Другое месца па колькасці шлюбаў з беларускімі мужчынамі займаюць украінкі (275), трэцяе — літоўкі (23). Таксама ў рэйтынг увайшлі Латвія, Ізраіль (па 8 рэгістрацый) і Польшча (2).

У цэлым, часцей за ўсё беларускія мужчыны бяруць шлюб у 20-29 гадоў. У той жа час у 2020 годзе было зарэгістравана 1439 шлюбаў, у якіх жаніху споўнілася 60 гадоў і больш. Сярэдні ўзрост тых, хто ўступае ў шлюб упершыню, складае 28,4 года, паўторна — 41,9.

"У 2020 годзе шлюб узялі 50 384 мужчыны. Упершыню стварылі сем'і 34 344 мужчыны, паўторна — 16 040 мужчын. Мужчыны сталі больш свядома падыходзіць да заключэння шлюбу. За апошнія 10 гадоў сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб павялічыўся амаль на 2 гады", — адзначылі ў Белстаце.

Сусветны дзень мужчын адзначаецца ў першую суботу лістапада, пачынаючы з 2000 года. У гэтым годзе ён прыпаў на 6 лістапада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі