ПТСР
Беларусам, якія бачылі вайну, у грукаце трамвая могуць чуцца выбухі. Беларусы, якія перажылі рэпрэсіі, могуць заміраць, калі маршрутка пад'язджае да прыпынку — яна выклікае асацыяцыі з бусікамі сілавікоў.
Усё гэта — праявы посттраўматычнага стрэсавага разладу (ПТСР).
Мы папрасілі псіхолага рэабілітацыйнага цэнтра "Ланка" Таццяну Данцову патлумачыць, у якіх выпадках нашыя рэакцыі — звычайны адказ арганізма на стрэс, а ў якіх гаворка ідзе пра ПТСР (і што з ім рабіць).
Яшчэ трыццаць гадоў таму пра ПТСР у нас ніхто не ведаў. Але людзі заўважалі, што вайскоўцы, якія пабывалі ў Афганістане, паводзяць сябе "неяк не так".
— Тады гэта называлі "сіндромам афганца". Так казалі пра людзей, якія вярталіся з зоны баявых дзеянняў, пра людзей, якія бачылі смерць. Пра іх ішла нядобрая слава — маўляў, могуць не вельмі адэкватна паводзіць сябе ў грамадстве.
Можна дапамагчы чалавеку зарыентавацца ў спакойнай абстаноўцы. Звяртаць яго ўвагу на дэталі, якія яго мозг будзе ўспрымаць як сігналы бяспекі. Напрыклад: "А ты заўважыў тую сабаку? Як табе марозіва? Хочаш кавы?" Гэта не адцягванне ўвагі, а дапамога ў арыентацыі. І вы заўважыце, што паступова стан чалавека будзе мяняцца.
Колькі часу патрабуецца на працу з ПТСР? Шмат што залежыць ад першапачатковых установак нервовай сістэмы, ад таго, што ў анамнезе ў чалавека, ці былі ў яго дзіцячыя траўмы.
— Камусьці можа спатрэбіцца год, камусьці — 9 месяцаў. Чалавек, які перажыў траўмавальную падзею, падобны да сціснутай спружыны. Каб ён не выбухнуў, спружыну трэба расціскаць паступова.
Але бывае, што нервовая сістэма самастойна спраўляецца з пераналаджаннем і ПТСР не дыягнастуецца нават пасля вельмі траўмавальных падзей. Бо наша псіхіка фармавалася стагоддзямі, і мы не першае пакаленне, якое перажывае вайну, эпідэмію, праходзіць праз небяспечныя выпрабаванні.
Чалавеку не трэба ўважлівых прычын, каб атрымаць ПТСР. Ён можа не сам перажыць, але стаць сведкам вялікай трагедыі або аварыі — і ў яго сфармуецца ПТСР. Ён можа працаваць з ахвярамі злачынстваў — і ў яго сфармуецца ПТСР.
— У нас з вамі ёсць люстраныя нейроны, і дзякуючы ім мы можам літаральна "параніцца" аб праблемы іншага чалавека. Я ведаю выпадкі, калі людзі працавалі з дакументаваннем парушэнняў правоў чалавека — і выходзілі з гэтай работы з ПТСР.
З ПТСР могуць выходзіць беларусы з турмаў. І ім таксама варта паклапаціцца пра сваё ментальнае здароўе. І пачаць з таго, каб зразумець: гэта не са мной нешта не тое, гэта нармальная рэакцыя маёй псіхікі на траўмавальную падзею.
Рэабілітацыйны цэнтр "Ланка" працуе пад Кіевам. Яго стварылі беларусы. Дапамогу тут могуць атрымаць не толькі беларускія добраахвотнікі, але і ўкраінцы, якія спрабуюць адаптавацца ў жыцці, вярнуўшыся з "нуля".
Таццяна дапамагае ваенным у "Ланцы" і жыве ў Кіеве. Не так даўно горад у чарговы раз трапіў пад абстрэл. Як псіхолагу вывозіць гэтыя штодзённыя абставіны і заставацца прафесіяналам? Як захоўваць сябе?
— Я назапасіла шмат вопыту і вельмі хацела б ім дзяліцца. Мне моцна дапамагае разуменне, што мая дапамога пацярпелым — гэта мой унёсак у перамогу. Калі я бачу чалавека, які прайшоў праз складаныя абставіны, і заўважаю, што ён пачынае спраўляцца з наступствамі, пачынае кантраляваць сітуацыю, я атрымліваю ад гэтага сілы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут