Беларускі выканаўца Ivan пазмагаецца за выхад у фінал "Еўрабачання"

12/05/2016 - 05:37

Беларускі выканаўца Ivan пазмагаецца за выхад у фінал "Еўрабачання". У чацвер, 12 траўня, у Стакгольме пройдзе другі паўфінал міжнароднага песеннага конкурсу. Яго жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь 1", пачатак а 22-й гадзіне.

Ivan выступіць 5-м, ён выканае песню "Help me fly", у яго нумары будуць 3D галаграмы з ваўкамі. Згодна з прагнозамі букмекераў, у фінал прадстаўнік Беларусі не пройдзе. Фаварытамі называюць прадстаўнікоў Украіны і Аўстраліі. Разам з імі верагодна пройдуць у фінал Сербія, Балгарыя, Латвія, Бельгія, Ізраіль, Польшча і Нарвегія. За 10-е месца пазмагаюцца Літва, Славенія, Данія, Грузія ці Беларусь, піша РІА "Новости".

Пакуль лепшым вынікам беларускіх выканаўцаў на "Еўрабачанні" з'яўляецца шостае месца ў фінале Дзмітрыя Калдуна ў 2007 годзе.

Па выніках першага паўфіналу вызначыліся першыя 10 фіналістаў "Еўрабачання": прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Аўстрыі, Венгрыі, Кіпра, Нідэрландаў, Мальты, Расіі, Харватыі, Чэхіі. Фінал конкурсу пройдзе 14 траўня.

Колькі грошай беларускія ўдзельнікі “Еўрабачання” трацілі на конкурс

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі