Беларусаў прымушаюць распранацца на мяжы. Што кажуць праваабаронцы

26/08/2026 - 18:53

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь / LookByMedia

У апошнія месяцы беларусы, якія вярталіся на радзіму з краін Еўрасаюза, шмат распавядалі пра прыніжальныя асабістыя праверкі. У асобных выпадках падчас так званага мытнага надгляду людзей прымушаюць распранацца да бялізны, а часам — цалкам.

Фармальнай падставай для такіх дзеянняў беларускія памежнікі і мытнікі называюць артыкул 329 Мытнага кодэкса ЕАЭС, які рэгулюе правядзенне асабістага мытнага надгляду. Аднак, паводле сведчанняў людзей і інфармацыі незалежных медыя, на практыцы падобныя праверкі нярэдка закранаюць тых, хто мае палітычны бэкграўнд, быў затрыманы падчас пратэстаў 2020 года або мае сваякоў, звязаных з “экстрэмісцкімі” структурамі.

Еўрарадыё паглядзела памежныя чаты і паразмаўляла з праваабаронцамі аб тым, ці працягваецца падобная практыка зараз.

 

Патлумачылі свае дзеянні распараджэннем зверху

Гэтым летам было некалькі гучных выпадкаў прымусовага распранання на мяжы з Польшчай і Літвой.

Адну з такіх гісторый апісала выданне MOST. Беларуска, якая вярталася ў краіну, перад гэтым прайшла допыт у КДБ. Ёй пагражалі накіраваннем у ІЧУ за лайкі, пастаўленыя чатыры гады таму. Пасля допыту жанчыну адвялі ў асобны пакой. Там у прысутнасці дзвюх супрацоўніц мытні і пад прыцэлам відэарэгістратараў яе прымусілі распрануцца да ніжняй бялізны. Увесь гэты час у аўтамабілі яе чакалі дзеці.

Паводле інфармацыі “Нашай Нівы”, яшчэ адзін беларус, які вяртаўся з Еўропы вясной, быў вымушаны распрануцца да майтак перад выпадковымі панятымі. Пасля гэтага ён падпісаў пратакол дагляду. Супрацоўнікі мытні патлумачылі свае дзеянні распараджэннем зверху.

Пасажыры садзяцца ў аўтобус Мінсктранс на аўтавакзале Варшава-Заходняя / LookByMedia

Яшчэ аднаму падарожніку мытнікі, паводле ягоных слоў, непасрэдна заявілі, што такія праверкі праводзяцца выбарачна — па рашэнні начальніка мытні, калі да чалавека няма даверу.

 

“Магчыма, гэта была нейкая хваля”

У тэлеграм-супольнасцях, прысвечаных перасячэнню мяжы Беларусі з краінамі ЕС, у журналіста Еўрарадыё не атрымалася адшукаць папярэджанняў пра прымусовае распрананне. Людзі, якія мадэруюць такія чаты, таксама пра падобныя практыкі нічога не чулі і давалі стандартныя парады па перасячэнні мяжы аўтобусам ці на асабістым аўто.

Не фіксуюць падобных выпадкаў і апытаныя журналістам праваабаронцы.

“Так, мы з медыя чулі паведамленні пра тое, што пачалі распранаць людзей на мяжы. Пры гэтым гэтыя паведамленні суправаджаюцца інфармацыяй пра тое, што адначасова перасталі так шмат людзей затрымліваць у Беларусі па палітычных справах. Магчыма, гэта была нейкая хваля, калі людзей больш пачалі праводзіць праз такія асабістыя дагляды з распрананнем”, — разважае юрыстка праваабарончага цэнтра “Вясна” Святлана Галаўнёва.

Нельга сказаць, што гэтым летам усе, хто перасякаў беларускую мяжу, сутыкаліся ці працягваюць сутыкаюцца з асабістым мытным надглядам. Сама практыка агляду не новая. 

“Агульны стандарт, які і ў кодэксе таксама прапісаны: такі агляд павінен праводзіцца з павагай да чалавека. Калі ёсць магнітная рамка, праз якую чалавек можа прайсці, то чалавек павінен праз рамку прайсці, а не так, каб яго абмацвалі і распраналі. Гэта ўжо хутчэй міжнародны стандарт: найменш інвазіўным шляхам, асабліва ў дачыненні да жанчын, праводзіцца такі агляд”, — дадае Галаўнёва.

Загад на поўнае распрананне часцей выконваюць у адносінах да людзей, падазраваных у палітычнай нелаяльнасці да ўлады. І такі падыход ужо даўно выкарыстоўваецца беларускімі сілавікамі.

“Мяне на мяжы здымалі з цягніка і распраналі яшчэ недзе дзесяць гадоў таму. Нават справа ёсць у Камітэце па правах чалавека ААН, у якой Камітэт пацвердзіў незаконнае ўмяшальніцтва ў маё прыватнае жыцце”, — распавёў праваабаронца і экс-палітзняволены Леанід Судаленка.

Суразмоўца лічыць, што гэта яшчэ адзін элемент сістэмы кантролю і запалохвання людзей. На жаль, адмовіцца ад такога агляду фактычна нельга. Але можна патрабаваць, каб забяспечваліся ўмовы, у якіх такі агляд праводзіцца. 

“То-бок гэта не павінна адбывацца пры супрацоўніках ці чужых людзях іншага полу. Пры аглядзе павінны быць, акрамя супрацоўнікаў мытні, яшчэ і панятыя — людзі з вашага рэйса. Можна спрабаваць уплываць на тое, кім гэтыя людзі будуць.

Ну і ў прынцыпе я б не раіла моцна пярэчыць, але і зусім неяк сябе зневажаць таксама не трэба. Трэба адстойваць свае межы”, — лічыць Святлана Галаўнёва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі