Суд, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
22 верасня ў ЗША вынеслі абвінаваўчы прысуд 37-гадоваму Кірылу Гардзею, які мае беларускае і амерыканскае грамадзянства.
Федэральны суд прысяжных у Бостане прызнаў яго вінаватым у незаконнай пастаўцы адмысловага абсталявання з ЗША ў Расію. Гардзей — прэзідэнт транспартна-экспедытарскай кампаніі Apelsin Logistics (штат Фларыда), якая таксама мае адрас у Расіі і два сайты, зарэгістраваныя тамсама.
Паводле інфармацыі амерыканскай пракуратуры, у жніўні 2023 года беларус, парушыўшы ліцэнзійныя патрабаванні, дапамагаў пераслаць з ЗША праз турцыю ў Расію мас-спектрометр Orbitrap Exploris GC 240. Гэтая прылада забяспечвае высокую якасць даных і дазваляе паскорыць навуковыя даследаванні.
Такая тэхніка патрапіла пад санкцыі пасля шырокамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.
Як заяўляюць у пракуратуры, Гардзей падрабіў дакументы, пазначыўшы, што мас-спектрометр прызначаны для Узбекістана, а не для Расіі. Пры гэтым, як адзначаецца, ён сам арганізаваў адпраўку мас-спектрометра непасрэдна ў Маскву пасля яго прыбыцця ў Турцыю.
Яму пагражае да 20 гадоў зняволення. Прысуд будзе агучаны 12 студзеня 2027 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут