Беларусь "выраўноўвае" кошты на лекі з суседнімі рынкамі: як гэта працуе

24/11/2019 - 08:09
Аптэка ў Мінску / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

У Беларусі падрыхтаваны праект указа аб "выраўноўванні" коштаў на лекі з суседнімі рынкамі. Чыноўнікі маюць намер скараціць "партызанскі" імпарт лекавых сродкаў, якія ў беларускіх аптэках пакуль што каштуюць даражэй, чым за мяжой.

Зараз беларусы шукаюць магчымасці купляць такія лекі ў Расіі, Літве, Польшчы і Украіне — у прыватным парадку. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прапаноўвае беларускім імпарцёрам разлічыць цэны на іх "сумленна" — сыходзячы з цэнаў вытворцаў у краінах, падобных па ўмовах звароту лекаў з беларускімі рэаліямі. З новага года прапанавана зрабіць такі пераразлік па некалькіх прэпаратах анкалагічнага і сардэчнага профілю, распавядае тэлеканал "Беларусь 1".

Як гэта працуе?

"Эксперымент" па пераразліку коштаў ужо дзейнічае ў дачыненні да 37 міжнародных найменняў лекаў. Чыноўнікі параўналі кошт гэтых прэпаратаў у 14 дзяржавах і вывелі "эканамічна абгрунтаваную формулу" для беларускага рынку. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталлі Васілеўскай, рэферэнтны прынцып (фарміраванне цаны з аглядкай на суседзяў) ужо прывёў да таго, што некаторыя лекі на беларускім рынку патаннелі:

"50%, нават крыху больш — 53% знізілі сваю цану. Ад ад 1,6%, якія скажам так, здаецца, непрыкметныя для спажыўца, да 62%, гэта значыць практычна ўдвая. А парадка 47% лекавых сродкаў ці засталіся на тым жа ўзроўні, ці трохі выраслі з улікам індэкса спажывецкіх цэн — недзе ад 1% да 5%".

Што будзе далей?

Акрамя "эканамічна абгрунтаванай" цаны, пастаўшчыкі лекаў будуць абавязаныя зафіксаваць лімітавы адпускны кошт медыкаментаў. У новым годзе "эксперымент" плануецца працягнуць са спісам асноўных лекавых сродкаў, у які ўваходзіць парадку 450 найменняў.

Каб пазбегнуць магчымых рызык, рэгістрацыя цэн не будзе аднамомантавай для ўсіх. "Сумленныя" кошты на новую групу лекаў, як чакаецца, пачнуць дзейнічаць з 1 сакавіка. Імпарцёрам тым самым дадуць фору, каб з пачатку года ў спакойным рэжыме прайсці рэгістрацыю. Праз некалькі месяцаў дадасца чарговы спіс лекаў, і гэтак далей. Міністэрства аховы здароўя запэўнівае, што будзе адсочваць, каб з рынку не зніклі жыццёва неабходныя прэпараты. Ведамства плануе ці "настойліва запрашаць" кампаніі да рэгістрацыі, ці аператыўна шукаць ім замену.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі