Беларусь у Год культуры можа застацца без кінафэсту "Лістапад"

01/09/2016 - 17:28

Адкрытае акцыянернае таварыства "Беларуськалій" адмовілася ад фінасавай падтрымкі Мінскага міжнароднага кінафэсту "Лістапад", піша tut.by. Між тым гэтае прадпрыемства было асноўным партнёрам фэсту.

Да мінімуму зведзеныя і іншыя крыніцы фінансавання, у тым ліку і бюджэтныя. На сёння дырэкцыя можа аплаціць толькі 40% выдатка фестывалю. Па словах намесніцы дырэктара фэсту Раісы Розум, гэтыя грошы далі асноўныя заснавальнікі "Лістапада" — Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам. Такіх грошай часткова хопіць на конкурсную праграму і прыезд журы.

Недастатак фінасавання не дазволіць запрасіць гасцей, арганізаваць пазаконкурсныя праграмы і індустрыяльную платформу. А гэта верне "Лістапад" да ранейшага фармату — рэгіянальнага агляду кіно, што не адпавядае статусу міжнароднага фестывалю.

Па словах Раісы Розум, арганізатары атрымалі ўжо 65 адмоваў на афіцыйныя лісты з просьбай аб фінансавай дапамозе фэсту.

Арганізатары ўдакладняюць, што іх бюджэт складае 7-8 мільярдаў рублёў. Напрыклад, бюджэт сёлетняга "Славянскага базару ў Віцебску" наблізіўся да 57 мільярдаў рублёў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі