Паліцыянт на ўзлётна-пасадачнай паласе ў аэрапорце Лейпцыга / Getty Images
Грамадзянін Беларусі мог мець дачыненне да дыверсіі ў аэрапорце Лейпцыга ў жніўні. Нямецкія сілавікі лічаць нашага суайчынніка адным з двух галоўных падазраваных, піша Politico.
Другім падазраваным следчыя лічаць расіяніна, звязанага з вайсковай разведкай ГРУ. Мяркуецца, што ён адказваў за планаванне і лагістыку аперацыі, у тым ліку за дастаўку выбухоўкі. Беларуса ж хутчэй за ўсё нанялі як так званага аднаразовага агента — для выканання канкрэтнай дыверсіі.
Паведамляецца, што беларус трапіў у Шэнгенскую зону праз Латвію 28 ліпеня — прыкладна за тыдзень да атакі. Нямецкія сілавікі сцвярджаюць, што мужчына ўжо меў праблемы з законам у Літве і Фінляндыі, дзе яго вінавацілі ў крадзяжы. Сляды яго ДНК выявілі на рэштках пальчаткі на месцы дыверсіі.
Гэтага ж чалавека ў Польшчы падазраюць у дачыненні да пажару ў краме будаўнічых тавараў у Лодзі ўлетку 2024 года. Польская пракуратура лічыць той інцыдэнт дыверсіяй. Нямецкія следчыя разглядаюць удзел аднаго чалавека ў падзеях у Лодзі і Лейпцыгу як яшчэ адзін аргумент на карысць версіі аб расійскім следзе.
Інцыдэнт у Лейпцыгу адбыўся ўвечары 4 жніўня. Каля ўкраінскага грузавога самалёта Ан-24 выявілі самаробны беспілотнік з выбухоўкай. Выбуху не адбылося праз праблемы з дэтанатарам. Непадалёк былі знойдзеныя абломкі ад яшчэ двух дронаў.
Паведамляецца, што самалёт, абраны для атакі, быў запраўлены прыкладна 25 тысячамі літраў авіяпаліва. Яго выбух мог быць вельмі магутным і пашкодзіць частку аэрапорта.
Адказнасць за інцыдэнт у аэрапорце Лейпцыга нямецкія ўлады ўсклалі на Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут