Беларус Генадзь Караткевіч зноў выйграў Google Code Jam

11/08/2017 - 20:13

На спаборніцтвах Google Code Jam беларускі праграміст Генадзь Караткевіч зноў заняў першае месца. Наш суайчыннік перамагае на гэтым конкурсе чацвёрты год запар. Сёлета конкурс спартыўнага праграмавання праходзіў у Ірландыі, у дублінскім офісе кампаніі.

Як паведамляе tut.by, Караткевіч набраў 120 ачкоў, яго два бліжэйшыя сапернікі адсталі ад беларуса на 10 ачкоў. Агулам у конкурсе ўдзельнічалі 26 праграмістаў.

Пераможца Google Code Jam аўтаматычна трапляе ў фінал наступнага турніру. Таксама яму даецца магчымасць паступіць на працу ў кампанію і 15 тысяч долараў прызавых.

Генадзь Караткевіч скончыў школу ў Гомелі, у 2012 годзе паступіў ва Універсітэт інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі ў Санкт-Пецярбургу. Ён выйграў мноства спаборніцтваў па спартыўным праграмаванні: першыя месцы наш суайчыннік заваяваў на VK Cup, Russian Code Cup, TopCoder Open, Яндэкс.Алгарытм, Facebook Hacker Cup ды інш.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі