БДІПЧ АБСЕ пабачыла, што Беларусь не выканала шэраг яе рэкамендацый па выбарах

31/08/2016 - 19:29

Беларускія ўлады не ўлічылі істотную колькасць рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ ў рэарганізацыі выбарчага працэсу. Пра гэта гаворыцца ў папярэдняй справаздачы місіі БДІПЧ па назіранні за парламенцкімі выбарамі. Дакумент абнародаваны ў сераду, 31 жніўня.

У справаздачы адзначаецца, што кандыдатамі ў дэпутаты былі вылучаныя 630 грамадзян, а зарэгістраваныя толькі 521. Акруговыя выбаркамы адмовілі ў рэгістрацыі 93 асобам. На думку місіі БДІПЧ АБСЕ, заканадаўства дае акруговым выбаркамам шырокія паўнамоцтвы для адмовы ў рэгістрацыі. "Міжнародныя і мясцовыя назіральнікі не заўсёды мелі магчымасць у поўнай меры назіраць працэс рэгістрацыі кандыдатаў", — гаворыцца ў справаздачы.

Таксама аўтары дакумента адзначаюць, што акруговыя выбаркамы працуюць пры падтрымцы мясцовых органаў улады. А апазўіцыянеры ў гэтыя выбаркамы амаль не трапілі.

У справаздачы канстатуецца, што выбары на сённяшні момант праходзяць амаль непрыкметна, выбарцы на агітацыйныя акцыі ходзяць мала.

Місія звярнула ўвагу, што дзяржаўныя СМІ дамінуюць як сярод электронных (радыё і тэлебачанне), так і сярод друкаваных крыніц. Між тым, дзяржСМІ абавязаныя даваць роўныя магчымасці для ўсіх кандыдатаў з моманту іх рэгістрацыі.

Афіцыйная місія БДІПЧ АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі працуе з 2 жніўня.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 11 верасня.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі