Бабарыка не верыць у рэвалюцыйны сцэнар для Беларусі

02/11/2026 - 15:28

Віктар Бабарыка / lookby.media

Экс-палітвязень Віктар Бабарыка не верыць у рэвалюцыю ў Беларусі — прынамсі пры жыцці Лукашэнкі. Пра гэта ён сказаў на літаратурным фэсце Pradmova у Празе 31 кастрычніка.

На фестывалі адбылася прэзентацы кнігі Сабіны Брыло "Справа Віктара Бабарыкі". Падчас прэзентацыі колішні прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду адказаў на пытанне "Белсата" пра палітычную будучыню Беларусі.

Бабарыка падкрэсліў, што ў 2020 годзе ў яго не было "злоснай матывацыі: маўляў, прыйшоў час кагосьці зрынуць". Ён кажа, што кіраваўся тым, што "мы настолькі ўжо набылі моц, што мы можам паспрабаваць узяць адказнасць за лёс краіны, за лёс сваіх дзяцей". Паводле яго, гэта была спроба іншага варыянту развіцця падзей.

"Так, многія людзі зараз чакаюць таго самага акна магчымасцяў, праз якое мы кагосьці пачнём караць. Але я не згодны", — дадаў ён.

Рэвалюцыйны сцэнар у Беларусі пры жыцці Лукашэнкі немагчымы, мяркуе Бабарыка.

"Ёсць сцэнар вельмі песімістычны. Усе плюнуць на Беларусь, і на нейкі не вельмі вялікі, але трагічны час Беларусь стане сапраўды часткай "рускага свету". Гэта будзе той сцэнар, калі здрадзяць Украіне, што мы зараз і бачым. І Расія будзе святкаваць сваю перамогу. Але ў гісторыі такія перамогі ніколі не былі доўгатэрміновымі", — заявіў палітык.

У аптымістычным варыянце Бабарыка бачыць эвалюцыйны рух, калі роля дзяржавы і буйных карпарацый для асобнага чалавека зніжаецца. Таму, на яго думку, трэба ўжо цяпер ствараць "сістэму дапамогі людзям, кампенсацыі той шкоды, якую ўлада робіць чалавеку".

Разам з тым палітык прызнаўся, што не верыў у жорсткі сцэнар сцэнар у 2020 годзе: "Я і цяпер не веру ў тое, што ў будучыні будзе яшчэ больш жорсткі сцэнар, чым ён быў у 2020 годзе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі