Аўтары “Рэгнума” да канца працэсу будуць заставацца пад вартай

18/12/2017 - 09:30

Аўтары расійскага інфармагенцтва “Рэгнум” да канца працэсу будуць заставацца пад вартай. Мінскі гарадскі суд, які ў панядзелак пачаў разгляд гучнай справы, пакінуў без зменаў меру стрымання для Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнкі (іх адвакаты падавалі адпаведныя хадайніцтвы).

Як вядома, Паўлаўца і Шыптэнку абвінавачваюць у распальванні расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варажнечы, а таксама ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Дзмітрыя Алімкіна абвінавачваюць толькі ў распальванні варажнечы. Усе трое былі затрыманыя ў канцы мінулага года. Высветлілася, што яны пад псеўданімамі пісалі артыкулы для “Рэгнума” пра сітуацыю ў нашай краіне. У судзе было агучана, што Паўлавец атрымліваў у 2010-2016 гадах ганарар за кожную публікацыю ў памеры ад 20 да 200 долараў. Ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ён атрымаў не менш за 40 тысяч беларускіх рублёў.

Чацвёрты фігурант — беларускі грамадзянін Юрый Баранчык — жыве і працуе ў Маскве шэф-рэдактарам аналітычнай рэдакцыі “Рэгнума”. Яго абвінавачваюць у распальванні расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варажнечы. Баранчык быў аб’яўлены ў міжнародны вышук, затрымліваўся ў Маскве, але неўзабаве быў адпушчаны. Справу Юрыя Баранчыка вылучылі ў асобную вытворчасць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі