Аўтар скульптуры "Мінскі гарадавы" не супраць таго, каб да яе дакраналіся

19/11/2018 - 19:21

Аўтар скульптуры "Мінскі гарадавы" Аляксандр Дранец не супраць, каб да гарадавога дакраналіся. "Божа мой, датыкайцеся, абы вандалізму не было. Як я магу інакш думаць?" — заявіў скульптар у каментары Радыё "Свабода".

Скульптура апошнім часам набыла шырокую вядомасць. Гэта адбылося пасля таго, як мінскі ліцэіст даў гарадавому аплявуху. Яго затрымалі міліцыянты, і падлетак, па іх словах, абсалютна добраахвотна папрасіў прабачэння ў скульптуры і супрацоўнікаў міліцыі. Пасля гэтага другі юнак апрануў шалік на гарадавога, што таксама не спадабалася міліцыянтам. А ў панядзелак, 19 лістапада, група дзяўчат прыйшла да скульптуры з пацалункамі — міліцыя спрабавала спыніць і гэтую акцыю.

Аляксандр Дранец уваходзіць у склад грамадскай рады пры Міністэрстве ўнутраных спраў з 2013 года. Пра сваю скульптуру ён тлумачыць: "Гэта мой падарунак музею гісторыі міліцыі. Гэта частка экспазіцыі музея. І яна ахоўваецца, як любая экспазіцыя".

Дарэчы, калектыў Еўрарадыё таксама сфатаграфаваўся каля скульптуры гарадавога. Фатаграфавацца міліцыя дазваляе.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі