Аўтар карыкатуры на ксяндзоў: "І чаго раскрычаліся?"

13/09/2021 - 13:47

Мастак-карыкатурыст Антон Астроўскі лічыць, што яго карыкатура ў "Мінскай праўдзе" нікога не абражала. Пра гэта ён напісаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.

Як распавядала Еўрарадыё, на карцінцы былі паказаныя ксяндзы, якія спявалі гімн "Магутны Божа". Пры гэтым у аднаго з іх на грудзях замест крыжа вісела свастыка, другі перарабляў свой крыж на свастыку. 

Касцёл рэзка выказаўся пра гэтую публікацыю. Міністэрства інфармацыі ўведаміла выданне пра недапушчальнасць такіх публікацый, а апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў заявіў, што такія матэрыялы не спрыяюць падтрыманню міжканфесійнага міру і згоды ў краіне і што такія публікацыі не адлюстроўваюць пазіцыю дзяржавы.

Між тым Антон Астроўскі настойвае на сваім:

"Прадстаўнікі касцёла нават афіцыйную заяву пра нібыта абразу іх царквы зрабілі, суправадзіўшы яго тэзісамі без якой-небудзь выразнай канкрэтыкі. Абураныя грамадзяне пісалі мне ў сацсеткі. Аднак і яны пакуль толкам не сказалі, чым канкрэтна я іх абразіў. Я прыходжу да высновы, што ніякай абразы ні тым больш распальвання варожасці ў адносінах да ўсёй канфесіі ў гэтым малюначку, як і ў вокладцы ў цэлым, ні з майго боку, ні з боку рэдакцыі зусім няма. Дык, уласна, я і не планаваў нікога абражаць наогул. І чаго раскрычаліся?"

Пад яго допісам за сёння з'явілася некалькі дзясяткаў каментароў, амаль ніхто з каментатараў не падтрымлівае мастака.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі