Фура з Еўрасаюза / Еўрарадыё
З 10 кастрычніка аўтамабільныя перавозчыкі, зарэгістраваныя ў краінах — удзельніцах Еўрасаюза, могуць аформіць дазвол на перавозку грузаў па тэрыторыі Беларусі. Пра гэта інфармуе прэс-служба Міністэрства транспарту і камунікацый РБ.
Дакументы афармляе Транспартная інспекцыя. Перавозчык мусіць спампаваць, запоўніць і накіраваць туды па электроннай пошце заяву; аўтарызавацца ў асабістым кабінеце ў аўтаматызаванай сістэме "Дазвол" з дапамогай лагіна і пароля, высланага Транспартнай інспекцыяй; аформіць там рахунак-фактуру на колькасць заяўленых да афармлення дазволаў і аплаціць залову па ўказаных рэквізітах; звярнуцца па афармленне дазволаў у адно са структурных падраздзяленняў філіялаў Транспартнай інспекцыі ў Мінску ці ў абласных гарадах.
Кошт афармлення такога дазволу Транспартнай інспекцыяй складае 15 базавых велічыняў (480 беларускіх рублёў па стане на 8 кастрычніка). Падрабязней пра тое, як будзе працаваць працэдура, можна прачытаць тут.
З сярэдзіны красавіка ў Беларусі дзейнічалі "контрсанкцыі" для аўтаперавозчыкаў з Еўрасаюза. Грузавікам на еўрапейскіх нумарах дазвалялася ўязджаць на беларускую тэрыторыю толькі для перачэпкі прычэпа ці перагрузкі тавараў у іншыя транспартныя сродкі. Далей — па тэрыторыі ЕАЭС — тавар маглі везці толькі беларускія (расійскія, казахстанскія) перавозчыкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут