Апазіцыянераў будуць судзіць за мітынг на дазволеным месцы збору на Дзень Волі

07/04/2016 - 16:11

Міліцыянты склалі адміністрацыйныя пратаколы на старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, сустаршыню аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталя Рымашэўскага і старшыню рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоля Шумчанку. Нагодай стаў іх удзел у мітынгу каля кінатэатра "Кастрычнік" 25 сакавіка на святкаванні Дня Волі, перадае БелаПАН.

Усіх іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыяваным масавым мерапрыемстве. Варта адзначыць, што пляцоўка каля кінатэатра "Кастрычнік" была дазволеным месцам збору ўдзельнікаў акцыі.

Янукевіча азнаёмілі з пратаколам 6 красавіка ў Савецкім РУУС, хаця сам дакумент быў складзены ў Першамайскім РУУС. "У пратаколе гаворыцца, што я, у адсутнасць адпаведнага рашэння Мінгарвыканкама, на пляцоўцы каля кінатэатра "Кастрычнік" прыняў актыўны ўдзел у мітынгу, што выявілася ў масавай прысутнасці грамадзян і выкрыкванні лозунгаў, чым парушыў беларускае заканадаўства", — распавёў апазіцыйны палітык.

Рымашэўскі таксама азнаёміўся з пратаколам 6 красавіка ў Савецкім РУУС Мінска. Ён лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі. Рымашэўскі падкрэслівае, што месца збору ўдзельнікаў акцыі было дазволеным. "Падчас сустрэчы з уладамі было зразумела, што арганізатары маглі размаўляць з людзьмі", — дадаў ён.

Шумчанка адмовіўся ісці ў міліцыю знаёміцца з пратаколам. Тады яму паведамілі, што пратакол вышлюць па пошце і справу перададуць у суд.

Дарэчы, пратаколы за акцыю на Дзень Волі былі складзеныя таксама на Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Анатоля Лябедзьку, Паўла Севярынца. Аднак яны пачалі акцыю ў скверы Янкі Купалы і ўдзельнічалі ў шэсці па праспекце Незалежнасці да кінатэатра "Кастрычнік", што не было санкцыявана мінскімі ўладамі.

Еўрарадыё рабіла вялікі фотарэпартаж са святкавання Дня Волі:

У Мінску прайшла акцыя, прымеркаваная да Дня Волі

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі