Анатоля Шумчанку аштрафавалі на 3,15 млн рублёў за акцыю прадпрымальнікаў

06/04/2016 - 15:16

Суд Маскоўскага раёна сталіцы аштрафаваў старшыню рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоля Шумчанку на 3 мільёны 150 тысяч рублёў (15 базавых велічыняў). Нагодай стала акцыяю прадпрымальнікаў, якая прайшла 14 сакавіка каля будынка Міністэрства па падатках і зборах у Мінску.

Супраць Шумчанкі на судзе сведчылі два супрацоўнікі міліцыі. Яны заявілі, быццам бачылі, як Шумчанка крычаў на акцыі "Свабоду!" і "Працу!". Сам жа лідар прадпрымальнікаў даваць паказанні ў судзе адмовіўся, перадае БелаПАН.

Лідар "Перспектывы" не будзе дамагацца перагляду судовага рашэння. "Гэта канвеер: прынята рашэнне наверсе штрафаваць — штрафуюць, будзе прынята рашэнне саджаць — будуць саджаць", — пракаментаваў сітуацыю Шумчанка.

Нагадаем, у акцыі 14 сакавіка каля будынка МПЗ адбыўся імправізаваны мітынг прадпрымальнікаў, які арганізавалі Анатоль Шумчанка і Мікалай Статкевіч. У акцыі прынялі ўдзел каля двухсот чалавек. Прадпрымальнікі перадалі ў міністэрства калектыўны зварот з патрабаваннем адмены ўказу №222. За паўтарагадзінным мерапрыемствам назіралі міліцыянты ў цывільным.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі