Амбасадар Украіны паведаміў, што Шаройка асуджаны "больш як на восем гадоў"

23/05/2018 - 14:11

Украінскаму журналісту Паўлу Шаройку, абвінавачанаму ў шпіянажы, прысудзілі "больш за восем гадоў пазбаўлення волі". Пра гэта піша tut.by са спасылкай на заяву амбасадара Украіны Ігара Кізімы, якую ён зрабіў журналістам да пачатку форуму "Мінскага дыялогу".

Цяпер Шаройка знаходзіцца ў СІЗА КДБ, на днях яго наведваў украінскі консул, распавёў амбасадар. Па яго словах, арыштаваны ўкраінец не скардзіўся на ўмовы ўтрымання, з ім бачылася яго жонка.

Суд над Шаройкам пачаўся ў лютым і праходзіў у закрытым рэжыме. Вярхоўны суд не каментаваў гэты працэс.

Пра затрыманне ўкраінца па падазрэнні ў шпіянажы КДБ паведаміў у лістападзе 2017 года. Паводле паведамленняў спецслужбы, Шаройка стварыў агентурную сетку з грамадзян Беларусі. У КДБ заяўлялі, што ён кадравы супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны. 

Праз чатыры дні пасля заявы КДБ Аляксандр Лукашэнка казаў, што абмяркоўваў сітуацыю з Пятром Парашэнкам на сустрэчы ў ААЭ. Кіраўнікі дзяржаў, нібыта, дамовіліся не даводзіць справу да агалошвання, але ўкраінскі бок парушыў дамову.

Паралельна ва Украіне ідзе судовы працэс над беларусам Юрыем Палітыкам, якога таксама вінавацяць у шпіянажы. Яго затрымалі ва ўкраінскім Чарнігаве ўлетку 2017 года.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі