Алімпійскі чэмпіён Пекіна Андрэй Арамнаў аб'явіў пра завяршэнне кар'еры

22/03/2016 - 07:23

Алімпійскі чэмпіён Пекіна цяжкавагавік Андрэй Арамнаў аб'явіў пра завяршэнне сваёй кар'еры. Ён спасылаецца на стан свайго здароўя.

"Я канчаткова завязаў са спортам, — цытуе словы Арамнава by.tribuna.com. — Ужо амаль год зусім не займаюся цяжкай атлетыкай. Перада мной паўстаў выбар: ці стаць інвалідам, ці кінуць займацца спортам і перайсці на трэнерскую пасаду".

Паводле слоў спартсмена, ён заўсёды імкнуўся да рэкордаў, якія ніхто раней не ўстанаўліваў. З-за гэтага ў яго і адбылася "перагрузка арганізму", кажа Арамнаў. Ён наракае на трэнераў, якія падганялі, бо ад вынікаў "залежалі іх заробкі".

Пачаліся шматлікія траўмы. У выніку, пасля абследавання, медыкі заявілі, што з прафесійным спортам трэба заканчваць.

Андрэю Арамнаву 17 красавіка споўніцца 28 гадоў. Пасля поспеху на Алімпіядзе ў Пекіне ў 2008-м (у катэгорыі да 105 кг) ён ужо не дасягнуў новых поспехаў. Затое яго пераследавалі скандалы. У снежні 2008-га Арамнава затрымалі за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, аштрафавалі і пазбавалі правоў кіроўцы. Але праз два месяцы зноў злавілі п'яным за рулём машыны. Была распачатая крымінальная справа. Суд яго аштрафаваў, спартсмена пазбаўлялі прэзідэнцкай стыпендыі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі