Алесь Пушкін у турме зноў пагаліўся налыса

15/10/2021 - 13:42

Мастак Алесь Пушкін зноў пагаліўся налыса ў жодзінскай турме, піша "Салідарнасць" у пятніцу са спасылкай на адвакатку. Палітвязень адчувае сябе добра і на здароўе не скардзіцца.

Пушкін працягвае маляваць і вучыць сукамернікаў, працаваць над п'есай "Чорны бусел". Мастак спрабуе падбадзёрыць родных і піша ім лісты. У апошні час перапіска ўскладнілася. Цэнзары прапускаюць не ўсю карэспандэнцыю, некаторыя лісты даходзяць урыўкамі без пачатку або канца.

Па словах адвакаткі, Пушкін вельмі ганарыцца сынам, які сёлета паступіў у медуніверсітэт, і задаволены, што ў таго ўсё добра. Жонцы мастака Яніне дапамагаюць сябры сям’і, валанцёры і асуджаныя, якія асабіста ведаюць Алеся.

Як паведамляла Еўрарадыё, Пушкіна затрымалі 30 сакавіка ў весцы Жылічы Кіраўскага раёйна Магілёўшчыны. На яго пачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў рэабілітацыі і апраўданні нацызму. Нагодай стаў партрэт Яўгена Жыхара — байца пасляваеннага антысавецкага падполля. Пушкін намаляваў гэты партрэт і вывесіў на выставе ў Гродне.

Алесь Пушкін, "Партрэт пасля зняволення". Малюнак, які дайшоў у адным з лістоў мастака / gazetaby.com

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі