Akute: Песні, што пішуцца даўжэй за пяць хвілін, гэта ўжо не цікава

28/03/2016 - 15:17

Магілёўскі пост-панк-гурт Akute на парозе запісу новага дыска распавядае пра тое, якім будзе альбом і што натхняла на яго стварэнне. У студыю Еўрарадыё завіталі вакаліст і гітарыст гурта Стас Мытнік і басіст Раман Жыгараў.

Еўрарадыё: Akute сядае за запіс чацвёртага альбома. Дзе і як ён ствараўся?

Стас Мытнік: Напісанне новых песень і з'яўленне новых і цікавых ідэй адбываецца цяпер дома ў Рамана Аляксандравіча. Раней 99% нашых рэпетыцый праходзіла на кропцы, а ў апошні час мы рэпетуем дома — гэта вельмі прыкольна і плённа.

Раман Жыгараў: А я перастаў проста выходзіць з дому. Я ўжо аднойчы не выходзіў цэлы год, а цяпер вось зноў (смяецца)... А ўвогуле, прыспеў час, і аформіліся дзесяць песень, і мы вырашылі іх запісаць. Прычым, трэкі аформіліся настолькі, што ёсць ужо больш-менш скампіляваны трэк-ліст.

Стас Мытнік: Натуральна, што ў працэсе запісу трэк-ліст можа змяніцца, як і само гучанне песень. Бо падчас запісу з'яўляюцца звычайна і новыя інструменты, і новыя партыі. Таму, натуральна, тое, што альбом уяўляе сабой цяпер — гэта не зусім тое, што атрымаецца ў выніку. Гэта такая інтрыга і для нас у тым ліку, і мы хочам хутчэй засесці за запіс.

Усё, што пішацца даўжэй за пяць хвілін, гэта ўжо не цікава

Еўрарадыё: Як нараджаліся песні для новай кружэлкі Akute?

Раман Жыгараў: Песні, насамрэч, пішуцца ў нейкі кароткі перыяд. Усё, што пішацца даўжэй за пяць хвілін, гэта ўжо не цікава. Калі ёсць такі парыў, імгненны, вось гэта будзе нешта сапраўднае. Бывае і так, што я магу напісаць, напрыклад, некалькі добрых радкоў за паўгода. І толькі потым прыйдзе нешта, што можна да іх далучыць, каб гэта пасавала. Але круцей за ўсё, калі песня пішацца адразу ўся. Ёсць нейкія моманты, якія мабілізуюць на гэта. Я памятаю, што больш за палову песень да трэцяга альбома "Рэальнасць і сны" я напісаў прыкладна за тыдзень. Таму што быў уздым, маўляў, трэба рабіць, і яно само прыйшло. І цяпер, напэўна, таксама ёсць такія моманты... Увогуле, нашы песні пішуцца як тое, што паўтараецца ў галаве. Я ўвогуле лічу, што песня павінна быць нейкім шаманствам. Бо рок-н-рол — гэта шаманства, а мы граем рок-н-рол, як бы гэта дзіўна ні гучала. І, паўтараючы некаторыя радкі і некаторыя словы па некалькі разоў, ты нібыта ўваходзіш у транс. І песні так і прыходзяць да мяне, як такі кругазварот. Гэта таксама можна лічыць эстрадным фолкам, бо там таксама паўтараюцца радкі. Вось яны прыходзяць да мяне, я іх паўтараю, потым мы паўтараем гэта на запісе, а потым той, хто іх слухае, таксама паўтарае.

Усё новае — добра забытае старое

Еўрарадыё: Чаго новага чакаць на альбоме?

Раман Жыгараў: Ёсць на альбоме рэчы, якімі мы раней не займаліся. Ёсць, напрыклад, ламаныя рытмы. Па нашым адчуванні, мы вяртаемся да першага альбома "Дзевачкі і космас". Хаця, натуральна, нам скажуць, што гэта не так, калі альбом выйдзе.

Стас Мытнік: Ага, усе кажуць, што самы лепшы альбом Akute — першы, а цяпер, усё, што мы робім — гэта рэгрэс.

Раман Жыгараў: Ведаеш, прыйшла такая думка, што, каб у Беларусі песня патрапіла да слухача, трэба каб прайшла неверагодная колькасць часу. Бо па гурце Akute мы бачым, што людзі яшчэ толькі-толькі расслухалі, ну як нам падаецца, першы альбом. І пры гэтым мы ўжо сядаем за запіс чацвёртай кружэлкі. Мне падаецца, што ёсць такая тэндэнцыя, што людзі вельмі доўга слухаюць нашу музыку, і цяпер нас часцей за ўсё просяць сыграць песні менавіта з першага альбома. Магчыма, яны проста так некаму запалі, запомніліся... 

Натхняліся англійскім радыё, Эліётам Смітам і блэк-металам

Еўрардыё: Чым натхняліся пры напісанні трэкаў да новага альбома, што слухалі?

Стас Мытнік: Я слухаю толькі радыё і нічога іншага пакуль не хачу. Слухаць альбомы цяпер няма жадання, а на радыё гучыць шмат разнастайнай музыкі, якая спрыяе палёту фантазій. Гэта англійскае радыё.

Раман Жыгараў: Я слухаю гурт Trust, Эліёта Сміта, блэк-метал і электронную музыку. Радыё мне надакучыла (смяецца), рок я амаль што не слухаю... А паўплываць можа ўсё што заўгодна: кропля дажджу ўпала на нос. Часцей за ўсё мы бярэм у рукі гітары і за некалькі хвілін імправізацыі заўсёды нараджаецца тое, чаго можна накруціць у песню, а то і ў дзве.

Стас Мытнік: Да таго ж паўплывала неабходнасць новых песень. Бо старыя песні пачынаюць надакучваць і хочацца чагосьці новага.

Раман Жыгараў: Хочацца, хочацца. Мы ўжо пра пяты альбом думаем. І ўвогуле, не выключаем, што паўзы паміж альбомамі не патрэбныя... Але трэці альбом сябе цалкам апраўдаў, мы ім задаволеныя, і лагічна падыходзім да чацвёртага.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі