Актывіста "Моладзі БНФ" Арцёма Касаварава завезлі на Акрэсціна

22/03/2018 - 18:35

Актывіста моладзевай філіі Партыі БНФ Арцёма Касаварава, затрыманага сёння, завезлі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна. Пра гэта ў сацсетках напісаў яго паплечнік па "Моладзі БНФ" Юрый Лукашэвіч

Як паведамлялася раней, чатыры маладыя чалавекі сёння ішлі па праспекце Незалежнасці і раздавалі запрашэнні на мітынг і канцэрт да 100-годдзя БНР, дазволены гарадскімі ўладамі. Акцыя пройдзе 25 сакавіка з 13.00 да 19.00 каля Опернага тэатра. 

На вуліцы Гарадскі Вал юнакі сталі фатаграфавацца з фігурай гарадавога, што прыцягнула ўвагу міліцыянтаў. Тыя праверылі ўлёткі-запрашэнні і затрымалі двух сяброў "Моладзі БНФ". 

Пазней, па словах Лукашэвіча, аднаго з іх адпусцілі, а Касаварава павезлі на Акрэсціна — верагодна, таму што ён адзіны паўналетні з кампаніі. У чым вінавацяць юнака, невядома. Суд над ім павінен адбыцца заўтра, 23 сакавіка. 

Нагадаем, што 21 сакавіка міліцыянты затрымалі апазіцыйных дзеячаў Уладзіміра Някляева, Вячаслава Сіўчыка, Максіма Вінярскага

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі