Актывіст дабіўся вяртання грошай за нявыдадзеныя нумары газеты

24/03/2016 - 14:31

Крычаўскі актывіст Мікалай Гердзей падлічыў, што дзяржаўная газета “Крычаўскае жыццё” мусіла цягам мінулага года выдаць 104 нумары, аднак выйшла з друку ўсяго 100. Грошы ж за падпіску з грамадзян выданне ўзяло, як за запланаваныя 104 нумары.

Па словах Гердзея, гэта далёка не першы выпадак, калі падпісчыкі недалічваюцца цягам года пэўнай колькасці нумароў. Такое было і ў 2014-м годзе. Пасля скаргі на “прамую тэлефонную лінію” старшыні Крычаўскага райвыканкама Васіля Сысоева галоўны рэдактар выдання Таццяна Іўкіна паабяцала вярнуць грошы.

Па яе словах, чатыры нумары не былі выдадзеныя ў сувязі з “форс-мажорнымі абставінамі”, калі дні выхаду супалі са святамі. Аднак, як правіла, падпіска фармуецца з улікам вытворчага календара, дзе святы ўлічваюцца. А калі і здараецца форс-мажор, то газета выходзіць у іншы дзень, або адзін з нумароў выдаецца ў пашыранай версіі. Мікалай Гердзей абураецца:

“Сёння няма рэальнага дзеяння з боку заснавальніка газеты — райвыканкама. Старшыня райвыканкама не вызначыў сваю пазіцыю адносна газеты, якая фактычна з’яўляецца іх друкаваным органам. 6,5 тысячы падпісчыкаў не выказаныя прабачэнні, а таксама газеце не выстаўленае патрабаванне канкрэтных дзеянняў у дачыненні да грамадзян. Пакажыце культуру сваю, прызнайце гэты факт, папрасіце прабачэння!”.

Гердзей падкрэслівае, што калі памножыць чатыры нумары на 6,5 тысячы падпісчыкаў і на кошт асобніка газеты, то атрымаецца далёка не маленькая сума, якая з’яўляецца неабгрунтаваным прыбыткам выдання. Усіх падпісчыкаў ён просіць звяртацца са скаргамі ў газету і патрабаваць вяртання сродкаў за недаатрыманыя нумары.

Каардынатар мясцовай суполкі незалежных журналістаў Барыс Вырвіч здзіўлены такім падыходам дзяржаўнага выдання:

Калі сумленны чалавек бярэ грошы і не выконвае працу, то ён вяртае іх. А тут дзяржаўнае выданне, якое курыруе ідэалагічны аддзел райвыканкама, заснавальнікам якога з’яўляецца райвыканкам, і райсавет дэпутатаў паказвае сваю няшчырасць. Тым больш, што гэта дзіўна, бо газета не мае ніякіх фінансавых цяжкасцяў і ў свой час яна ахвяравала грошы на падтрымку сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і школу. Са школай зразумела, а вось на калгасы пайшло трыста мільёнаў рублёў на закупку паліва. Аказваецца, што выданне — нейкі фінансавы магнат”.

Адзначым, што большасць дзяржаўных газет Магілёўшчыны, нягледзячы на святочныя дні і “форс-мажоры”, з выданнем нумароў справілася.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі