"Агракамбінат Сноў" аштрафавалі за павышэнне (без запыту) цэн на курынае мяса

06/09/2023 - 08:40

Крама СВК "Агракамбінат Сноў" / yandex.ru/maps / yandex.ru/maps

"Агракамбінат Сноў" аштрафавалі за "парушэнне парадку ўстанаўлення адпускных цэн", паведамілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі. Пытанні паўсталі да цэн на паўфабрыкаты з мяса куранят-бройлераў, якія прадаваліся ў фірмовых крамах гаспадаркі. Падвышэнне адпускной цаны "Сноў" мусіў узгадняць з Мінскім аблвыканкамам.

Была заведзеная адміністрацыйная справа, яе разглядаў Эканамічны суд Мінскай вобласці. Суд пастанавіў, што прадпрыемства мусіць  заплаціць штраф "у памеры 2% кошту рэалізаваных тавараў". Акрамя таго, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі і службовую асобу. Каго і як менавіта пакаралі, у МАРГ не ўдакладнілі.

Пастанова ўрада № 713 "Аб сістэме рэгулявання цэн" была прынятая ў кастрычніку 2022 года ў надзеі спыніць рост цэн. Затым гэты дакумент неаднаразова карэктавалі, у тым ліку скарачалі пералік спажывецкіх тавараў, на якія распаўсюджваецца цэнавае рэгуляванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі