Адвакатка Калеснікавай перастала выходзіць на сувязь

24/09/2020 - 17:15

24 верасня ўдзень перастала выходзіць на сувязь адвакатка Людміла Казак, якая абараняе Марыю Калеснікаву. Пра гэта парталу TUT.by распавёў адвакат Віктар Мацкевіч.

Па яго словах, у 13:50 Казак рассталася са сваёй калегай, з якой сустракалася на вуліцы Камуністычнай. 

"Спяшалася ў судовае пасяджэнне. У суд яна не прыехала. Машына прыпаркаваная на Камуністычнай, зачыненая", — удакладніў Мацкевіч.

Муж Казак падае заяву аб выкраданні чалавека ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска. 

Тым часам у "Нашу Ніву" звярнуўся верагодны сведка выкрадання адвакаткі. Вось што расказаў ён: 

"У 13:50 насупраць Камуністычнай, 24 невядомыя затрымалі дзяўчыну і павезлі на машыне Geely 8971 ТА-7 (мяркуючы па ўсім, гэта яе машына). Дзяўчына крычала "дапамажыце" шмат разоў".

Дарэчы, Марыю Калеснікаву 7 верасня таксама невядомыя выкралі ў цэнтры Мінска, а 8-га спрабавалі адправіць за мяжу Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі