Адміністрацыя "Гродна Азота" патлумачыла, чаму спыніўся цэх "Аміяк-4"

09/11/2020 - 07:08

Адміністрацыі прадпрыемства "Гродна Азот" выступіла з афіцыйным тлумачэннем наконт здарэння ў цэху "Аміяк-4". 

Як паведамлялася раней, зранку над цэхам заўважылі аварыйны факел. Гэта магло азначаць, што цэх спынены. 

На прадпрыемстве пацвердзілі, што каля 5:30 цэх быў спынены. Афіцыйнае тлумачэнне гучыць так: "У тэхналагічным працэсе аддзялення ачысткі канвертаванага газу адбылося прыпыненне кампрэсара сінтэз-газу ў цэху "Аміяк-4" са скідам АВС (азотна-вадароднай сумесі) на факел".

На заводзе кажуць, што цяпер ідуць работы па наладжванні тэхналагічнага працэсу і далейшага пуску цэха ў працу. Адміністрацыя "Гродна Азота" запэўнівае, што пагрозы гораду, экалогіі, жыхарам і работнікам прадпрыемства няма.

Дарэчы, 26 кастрычніка некаторыя рабочыя прадпрыемства далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі і не здавалі змену. Пасля гэтага на завод прыбылі штрэйкбрэхеры з Гомеля, Магілёва і наваполацка. 

Цяпер актывісты "Гродна Азота" да 10 лістапада збіраюць заявы ад тых, хто хоча далучыцца да страйку. Калі ўдасца сабраць 500 ці больш заяваў, прадстаўнікі страйкама дапамогуць ахвочым пачаць забастоўку. Калі заяваў будзе менш, то іх знішчаць, каб ніхто не адведаўся імёны рабочых.

За апошнія чатыры дні да страйку публічна далучыліся тры рабочыя. Некаторых з удзельнікаў страйку звольнілі. Напрыклад, апаратчык карбаміду 6-га разраду Павел Гайдэль далучыўся да страйку 2 лістапада, а ўжо 3 лістапада быў звольнены.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі