Ад Сенэкі да Джоан Роўлінг: што чытаюць прадаўцы кніжнай выставы (фота)

18/10/2016 - 12:14

Што чытаюць прадаўцы кніг? Еўрарадыё зацікавілася гэтым пытаннем і накіравалася на знакаміты сталічны кірмаш "Свет кніг", што на вуліцы Янкі Купалы.

Марк Іосіфавіч гандлюе букіністыкай. Як доўга, не памятае, але ведае, што вельмі доўга. Кажа, сярод яго кніг можна браць кожную другую, і яна абавязкова будзе добрай. Праўда, цяпер букіністычная літаратура попытам амаль не карыстаецца.

"Я даўно ўжо вельмі мала чытаю. Я больш цяпер прабягаю па кнігах. Чытаў, калі быў малады. Але я прачытаў амаль усё, што тут стаіць. Наконт любімых кніг таксама не скажу, бо яны мяняюцца: сёння — адна, заўтра — іншая. Цяпер я чытаю з вялікім задавальненнем, хоць я і не вялікі ахвотнік да дэтэктываў, Рэкса Стаўта "Залатыя павукі". Скажу, што гэта не столькі дэтэктыў, колькі знешняя канва дэтэктыву. Але галоўнае, што я атрымліваю велізарнае задавальненне ад гумару, якога шмат у гэтай кнізе. Дома я чытаю Сенэку "Лісты да Луцылія" — больш сур'ёзную рэч. Я даволі часта звяртаюся да паэзіі, і мне вельмі сумна, што сучасныя маладыя і немаладыя людзі не цікавяцца паэзіяй. Бо ёмістасць слова, а літаратура перадусім — гэта ёмістасць слова, менавіта гэта ёсць у добрай паэзіі. Час ад часу перачытваю Пушкіна — люблю лёгкасць, мелодыку і ёмістасць слова яго твораў".

Паліна — прадавец дзіцячай літаратуры ўжо як тры гады. Таму што з дзяцінства любіць кнігі і цяпер ёй падабаецца аддаваць іх у рукі маленькім чытачам.

"З апошняга, што чытала, гэта "Плынь" Міхая Чыксентміхаі — кніга пра шчасце вядомага амерыканскага псіхолага, "Крэйцэрава Саната" Льва Талстога — гэты твор усе ведаюць. Яшчэ "Кніжны злодзей" польскага аўтара Маркуса Зузака пра Германію 1939-га года, "Пра Бабаку Костачкіну" і "Кандытарскія гісторыі" дзіцячай пісьменніцы Ганны Нікольскай. Першапачаткова мяне павінна нешта зачапіць у кнізе — я чытаю агляды і рэцэнзіі. У дзіцячай літаратуры я павінна ўбачыць кнігу, пачаць чытаць, і мне павінна адразу спадабацца. Калі не падабаецца, то я яе не працягваю чытаць і не прадаю. Але кнігі, якія я прадаю, яны мне ўсе падабаюцца: я іх ці ў дзяцінстве чытала, ці цяпер. Звычайна, калі табе падабаецца кніга, ты яе і прадаеш, і людзям яна падабаецца".

Марына прадае кнігі ўжо сем гадоў: дзіцячую і дарослую літаратуру. Кажа, што раней у яе было больш пастаянных кліентаў, цяпер з'явіліся электронныя кнігі і грошай у людзей не шмат, таму пакупнікі часцей праходзяць міма. Маўляў, прыйшлі, паглядзелі, а потым спампавалі.

"З апошняга, што чытала, мне спадабалася "Замак з пяску" Джэнет Уолс, "Да сустрэчы з табой" Джоржа Морыса, "Галаваломка" — дэтэктыў Хантэра Эвана, "Пра яго і пра матылёў" Дзмітрыя Ліпскерава, "Выпадковая вакансія" Джоан Роўлінг, аўтаркі "Гары Потара", чытала некалькі раманаў Джона Эрвінга, мне вельмі спадабаліся, хаця, увогуле, раманы я не вельмі люблю. Натуральна, што не ўсё, што прадаю, мне падабаецца. Увогуле, усё залежыць ад настрою і ад перыядаў ў жыцці. Часам хочацца пачытаць нешта лёгкае, часам — нешта больш цікавае і глыбокае".

Алесь працуе на кніжнай выставе адзінаццаць гадоў на тым самым месцы з моманту яе адкрыцця. З тых жа часоў прадае навучальную літаратуру, бо яна неабходная, і кнігі на беларускай мове, збольшага, гістарычныя. На пытанне, чаму вырашыў быць прадаўцом кніг, адказвае: "Усё проста — я з дзяцінства цікаўлюся кнігамі".

"На працы кнігі стараюся хаця б праглядаць, бо калі ўважліва пачынаеш чытаць, ніхто проста не падыдзе да цябе. Апошнія прачытаныя кнігі — гэта "Пяты этап" і "Багам ночы роўныя" Сяргея Пясецкага, таксам чытаў кніжку па гісторыі ВКЛ замежнага брытанскага аўтара Стэфана Крыстафера Роўэла "Уздым Літвы". Збольшага чытаю гістарычную літаратуру, мастацкую — радзей: з таго, што прадаю — "Час Сэканд хэнд" Алексіевіч спадабалася, а "Возера радасці" Марціновіча пакуль прачытаць не паспеў".

Ілона гандлюе бізнес-літаратурай і літаратурай асабістага росту: вакол яе больш за тысячу кніг — разрэкламаваных, новых, цікавых. Набываюць іх людзі, звязаныя з бізнесам, хаця ёсць тыя, хто выкарыстоўвае гэтыя кнігі як прадмет інтэр'еру: кшталту, не ведаю, ці буду я гэта чытаць, але на стол ці на паліцу пакладу абавязкова.

"Стараюся шмат чытаць. На дадзены момант чытаю ў асноўным гэтую літаратуру, бо яна цікавая. З апошняга, што прачытала — Алег Бармін "Я памятаю ўсіх, хто мне некалі не ператэлефанаваў" — вельмі цікавы аўтар, крэатыўны, распавядае пра сябе. Шчыра прызнаецца і пра правалы, і пра парушэнні закона, і як ён сам сябе перамог. Цяпер чытаю кнігі па медытацыі "Усвядомленасць" Марка Уільямса і "Магію раніцы" Хэла Элрада — вельмі лёгка чытаецца, і матывацыйная, і пазітыўная. Пасля прачытання цудоўна цябе адчуваеш. Але найбольш з апошніх мяне ўразіла кніга Эрыка Ларсэна "На мяжы. Тыдзень без шкадавання сябе", пра пякельны тыдзень, як можна перамагчы сябе. Аўтар, былы спецназавец, распавядае пра сябе. У яго не верылі, але ён зразумеў, што нашы магчымасці нашмат магутнейшыя, чым іх бачаць тыя, хто побач. І даведацца пра свае магчымасці дапамагае пякельны тыдзень. Але кніга больш мужчынская. Аўтар штурхае кулаком у спіну. І набываюць гэтую кнігу ў асноўным мужчыны. Мне дапамагае такая літаратура".

Мастацтвазнаўца Алег Ойстрах у вольны час, а гэта два дні на тыдзень, прадае на "Кніжнай выставе" кнігі па мастацтве (у астатнія дні на кропцы працуе жонка). Заняцца кніжнай справай ён вырашыў яшчэ ў студэнцтве, калі пісаў дыплом у Ленінградскай Акадэміі мастацтваў "Рускае мастацтвазнаўства ў кнігах пачатку ХХ стагоддзя". Тады і падумаў: чаму б людзям не дапамагчы знайсці добрыя кнігі. Цяпер прадае тое, што любіць і ведае. Кажа, што кожны мусіць рабіць тое, што ўмее, тады гэта будзе якасна.

"З апошняга прачытанага — кніга Максіма Пятрова "Эль Грэка", "Набокаў" Аляксея Зверава, "Зразумей, чаму гэта шэдэўр" Франсуазы Барб-Галь, "Учынак і слова" П'ера Правуаера, дзе сабраныя створаныя на біблейскія сюжэты пастэлі Марка Шагала. Людзі хочуць мастацтва. Людзям цікава. Я сам выдаў некалькі кніг. Яшчэ "Дыялогі з Уладзімірам Співаковым" Саламона Волкава, дзе вялікі музыка распавядае, як трэба ёрнічаць, хуліганіць у добрым сэнсе, як быць асобай, застаючыся самім сабой. Кнігі, звязаныя з культурай і мастацтвам, яны складаныя і цікавыя. Люблю перачытваць Дастаеўскага, таму што там бяздонне. Ён настолькі сёння актуальны, як у душу глядзіць. Увогуле, перачытваць трэба вялікую літаратуру, якая прыносіць задавальненне. Пакуль кніга, як арганізм, жыве, і спадзяюся, будзе жыць. Тэхніка, "Айфон", навука — гэта цудоўна. Але чалавек за 3000 гадоў мала змяніўся, ён хоча пазнання і доказаў, што ён чалавек. А кніга даказвае, што ён асоба".

Кіраўнік imbryk.by Алесь Мазанік гандлюе на кірмашы больш за пяць гадоў. Прадае беларускамоўную літаратуру, альбомы беларускіх гуртоў, фільмы на беларускай мове а таксама розныя дробязі. Кажа, што займаецца прасоўваннем беларушчыны ў масы, таму істотна, каб літаратурныя выданні на яго кропцы былі якаснымі і яскравымі.

"Апошнія прачытаныя мной пяць кніг? "Хронікі Нарніі. Пляменнікі чараўніка" Клайва Стэйплза Льюіса, "Сем камянёў" Аляксея Шэіна, "І боль, і прыгажосць" — анталогія перакладаў Лявона Баршчэўскага з трыццаці моваў, "Жыццё раззброенага чалавека" Сяргея Пясецкага і "Возера радасці" Віктара Марціновіча. Марціновіч, дарэчы, вельмі добра паказаў, як за некалькі гадоў можна прыцягнуць увагу не толькі беларусаў, якія актыўна цікавяцца беларушчынай, але і тых, хто хоча чытаць якасную літаратуру па-беларуску. Не ўсе кнігі, якія я прадаю, чытаю ад і да. Некаторыя — па дыяганалі. Але бывае такое, што на прачытанне Марціновіча мне спатрэбіліся тры дні".

Андрэй Генрыхавіч і яго дачка Алена прадаюць літаратуру па ізатэрыцы і карты таро. Лена кажа, што раней гэтым цікавілася яе маці, таму і выбрала такі незвычайны асартымент. А цяпер вось справа па спадчыне перайшла да Алены. Распавядае, што пакупнікоў, якія цікавяцца ізатэрыкай, становіцца больш. Нават 13-гадовыя дзяўчынкі прыходзяць па карты таро. Самой жа прадавачцы часам прыходзіцца несалодка: могуць зняць сурокі, нават калі сама Алена гэтага не хоча.

"Пяць апошніх кніг... Гэта даўно вельмі было. Я ўвогуле цяпер не чытаю. Бо няма часу. "Алхімік" Паола Каэльё запаў.... "Змрок" Стэфані Маер... Я магу чытаць розную літаратуру".

Праўда, фатаграфавацца прадавец ізатэрыкі наадрэз адмаўляецца. Затое пагаджаецца папазіраваць маўклівы Андрэй Генрыхавіч.

Прадавачка паштовак Алена Леанідаўна памятае далёкія часы да Перабудовы, калі ў лесе пад Мінскам ладзіўся начны кнігаабмен, кнігамі гандлявалі на ганку кніжнай крамы на вуліцы Валгаградскай, набыць літаратуру можна было ўначы ў аптавікоў у Доме Афіцэраў. Жанчына мяркуе, што гандаль кнігамі мае будучыню, і што цяперашнія кніжныя крамы зусім не канкурэнты "Свету кніг" на вуліцы Янкі Купалы.

"З таго, што чытала нядаўна... "Віно з дзьмухаўцоў" Рэя Брэдберы і "Код адсутнасці" Валянціна Акудовіча. Вельмі спадабалася".

Валерый Юр'евіч прадае "айчынную фантастыку". У суполку кнігалюбаў уступіў яшчэ ў 1979 годзе. Кніжным гандлем займаецца з 93-га, "бо інжынеры ў той час сталі нікому не патрэбныя".

"У асноўным, я чытаю альтэрнатыўную гісторыю. З апошняга гэта "Музейны экспанат" і "Сталь над хвалямі" Аляксандра Кантаровіча. Падабаецца Канстанцін Калбазаў. Напрыклад, "Рыцар" — вельмі добры цыкл. Вельмі добрыя зборнікі выйшлі ў Аляксандра Міхайлоўскага. Ён піша баявую фантастыку. Там распавядаецца, як наша сучасная эскадра пайшла наводзіць парадак у Сірыю і перанеслася ў мінулы час: у руска-турэцкую вайну, у 1904 год, у руска-японскую, у 17-ты год і ў 41-шы. Першы цыкл "Царград", другі "Рандэву з варагам", трэці "Аднойчы ў кастрычніку" і чацвёрты "Крымскі злом".

Віктар падкрэслівае, што не гандлюе спрэчнай літаратурай Віктара Суворава, дэтэктывамі і жаночымі раманамі. На яго кропцы, як ён кажа, толькі "папулярная літаратура": ад Марка Аўрэлія да кніг пра Першую і Другую сусветныя войны, палітыку, дакіеўскую Русь.

"У мяне пакупнікі значна больш граматныя і больш чытаюць, чым я. Часам мне падабаецца чытаць ваенныя кнігі. Вельмі люблю паэзію. Чытаю Рубцова, Ясеніна, Гамера, Высоцкага, я іх часта перачытваю. Таксама паралельна чытаю кнігі па ландшафтным дызайне. Напрыклад, "Сам сабе ландшафтны дызайнер" Вольгі Воранавай".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі