Абняць дзіця не далі — Кацярына Барысевіч пра затрыманне і суд, які мае адбыцца

18/02/2021 - 08:15
Кацярына Барысевіч​ /  facebook.com/kettibor

Журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч сумнявалася, што яе затрыманне скончыцца судом. Пра гэта яна расказала ў інтэрв'ю свайму парталу. Праз адваката яна адказала на пытанні пра затрыманне, будні ў ізалятары і чаканні перад пачаткам судовага працэсу.

"Я, вядома, сумнявалася, што справа дойдзе да суда. Але раз яна ўжо там, хачу, каб працэс быў адкрытым. Упершыню ў судзе буду не ў якасці журналіста, а абвінавачанага за кратамі. Але гэта не перашкаджае мне верыць у справядлівасць", — прызналася яна.

Кацярыну Барысевіч і лекара бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёма Сарокіна абвінавачваюць у разгалошванні медыцынскай таямніцы. Сарокін перадаў дакумент, а Кацярына выкарыстала яго ў артыкуле пра смерць Рамана Бандарэнкі. Дакумент паказваў, што Бандарэнка пры паступленні ў бальніцу быў цвярозы. Прадстаўнікі ўлады, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, публічна настойвалі, што хлопец быў п'яны.

Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада. Паводле яе слоў, да яе са спіны падышлі невядомыя людзі і папрасілі прайсці ў машыну на гутарку.

"Я ўжо разумела: дадому не вярнуся. Ніхто не прадстаўляўся, пасведчанні не паказваў, сказалі, трэба верыць, што яны з міліцыі, і падвялі да чорнага мікрааўтобуса каля дзіцячай пляцоўкі", — распавяла Кацярына.

Дома ў яе заставалася непаўнагадовая дачка, патэлефанаваць ёй не дазволілі. Дачакаліся пракурора, які прывёз неабходныя дакументы і абвясціў артыкул КК, па якім яе падазраюць.

"Які?" — перапытвала я. За 15 гадоў у судовай журналістыцы ўпершыню пачула пра артыкул 178. За тры месяцы ў СІЗА КДБ і на Валадарцы яшчэ не сустрэла ніводнага чалавека, які б таксама яе ведаў", — прызнаецца Кацярына.

СІЗА КДБ "Валадарка" / TUT.BY

Ёй не далі звязацца з адвакатам. Ні ў момант затрымання, ні калі ўжо прыехалі з ператрусам дадому.

"Вочы дачкі ў той момант запомню на ўсё жыццё ... Мяне прасілі не рабіць лішніх рухаў, да дзіцяці не падпускалі (яе тэлефон таксама забралі), абняць на развітанне не далі. Я паспела схапіць кантэйнер для лінзаў, акуляры і камізэльку. Праз гадзіны дзве мяне даставілі ў СІЗА КДБ, пры гэтым сказалі: "У вас будзе час падумаць", — распавядае журналістка.

Кацярына кажа, што хутка адаптавалася да ўмоў СІЗА, што шмат мае зносінаў з людзьмі — збірае матэрыял для будучай кнігі.  Самым складаным за ўвесь гэты час былі "немагчымасць абняць сям'ю на Новы год пад бой курантаў, павіншаваць дачку з 18-годдзем, а бабулю — з 87-годдзем. Гэта я прапусціла", кажа яна.

Працэс па справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна пачнецца 19 лютага. Разглядаць справу будзе суд Маскоўскага раёна, працэс абвешчаны адкрытым. Пра намер прыйсці на яго ўжо заявіла маці загінулага Рамана Бандарэнкі. Напярэдадні пачатку суду над журналісткай і лекарам Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу па факце смерці Рамана. Справа ўзбуджаная па ч. 3 арт. 147 КК РБ "Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі