"Абмежаваць навіны з радзімы": як кіеўскі псіхолаг дапамагае беларусам-уцекачам

24/08/2021 - 14:41
Алена Платава / Еўрарадыё

Пасля выбараў многія беларусы вымушаныя былі ўцякаць у суседнія краіны — літаральна з парай маек у заплечніку. Гэта было няпроста, і частцы ўцекачоў спатрэбілася псіхалагічная і нават псіхіятрычная дапамога.

З чым нашы землякі звярталіся да спецыялістаў? Як ім дапамагалі? Якія наступствы для здароўя могуць выклікаць такія праблемы? Пра гэта Еўрарадыё расказала псіхааналітык Алена Платава, якая дапамагла некалькім дзясяткам беларусаў, якія абралі для "рэлакейту" Украіну.

Складана ўсвядоміць і прыняць усё, што адбылося з імі

Як быць у такой сітуацыі? / pixabay.com

— Месяцы праз тры пасля таго, як у Беларусі адбылася рэвалюцыя, я даведалася, што ўкраінскія знаёмыя дапамагаюць беларусам схавацца ад пераследу ўладаў у нас у краіне. Паведамлялі, што гэтым людзям (а сярод іх былі і падлеткі) патрэбна псіхалагічная дапамога. Я пагадзілася яе аказаць, таму што застацца ад таго, што адбылося, убаку проста не магла. Бо Украіна перажывала падобнае ў час Майдану, і мадэль траўмы ў тых і ў іншых людзей адна, — кажа Платава.

Яна адзначае, што беларусы, якія да яе звярталіся, былі ў асноўным маладыя — да 35 гадоў. Часцей — жанчыны. Яны прыходзілі на сеанс, але пры гэтым былі вельмі насцярожаныя і з падазрэннем глядзелі на псіхааналітыка, баючыся ёй даверыцца.

— Людзі былі ў шоку ад таго, што з імі адбылося: у іх быў дом, сям'я, каты, праца, сябры, а тут іх узялі і адарвалі з крывёю ад усяго гэтага і выкінулі ў чужое месца. Хтосьці перастаў верыць у свае сілы, іншых ссекла адсутнасць падтрымкі сям'і, многія пакутавалі праз разарваныя сацыяльныя сувязі і немагчымасць іх аднавіць. Яны былі дэзарыентаваныя і разгубленыя, закрытыя, рэдка ўсміхаліся і мала праяўлялі радасць, нават калі я спрабавала жартаваць, каб праверыць, як чалавек рэагуе на нейкія простыя штукі.

Вядома, паступова людзі адыходзілі і пачыналі падрабязна расказваць спецыялісту свае гісторыі, дзяліліся сваімі пачуццямі: у час псіхатэрапіі трэба пражыць эмоцыі нанова. Прычыну ад'езду з Беларусі амаль усе называлі адну — паўстала небяспека для іх (або сям'і) жыцця і здароўя.

Але бывалі сітуацыі, калі людзі не прызнавалі для сябе сітуацыю, якая з імі адбылася, адмаўлялі яе. Алена кажа, што гэта такі своеасаблівы спосаб псіхалагічнай абароны для таго, каб не сысці ў перажыванні і пачаць дзейнічаць. Але рана ці позна праблема ўсё роўна вылазіць вонкі і з ёй давядзецца працаваць.

— У мяне стаяла задача дапамагчы людзям "зазямліцца", разгледзецца на новым месцы і зразумець, што рабіць далей. На жаль, у некаторых выпадках станавілася зразумела, што без медыкаментаў не абысціся, тады я накіроўвала наведвальнікаў да свайго знаёмага псіхіятра, якая падбірала і выпісвала рэцэпт на лекі.

Аднак Алена сцвярджае, што не заўсёды і не для ўсіх сітуацыя аказваецца крайне трагічнай. Бо чалавек — істота вельмі магутная і адаптыўная, умее прыстасоўвацца да розных умоў, якія падкідвае жыццё.

Па статыстыцы з псіхатраўмавальнай сітуацыі, у якую могуць трапіць людзі, каля 75% змогуць выйсці без наступстваў, яшчэ 20% павінны будуць прыкласці да гэтага намаганні, магчыма, атрымаць дапамогу спецыяліста.

А вось у 5% з гэтым могуць узнікнуць складанасці, таму што яны губляюць энергію і веру ў тое, што нешта можна змяніць. Іх стан запатрабуе лячэння прэпаратамі, дапамогі псіхіятра, але і гэтая сітуацыя не безнадзейная, і выйсці з яе можна.

Нягледзячы на складанасці, усе беларусы паведамлялі, што хочуць вярнуцца на радзіму. І каб гэта не адбылося занадта хутка, калі вяртацца яшчэ небяспечна, псіхааналітык ішла на забаронены прыём. Яна казала, што, нават знаходзячыся ў іншай краіне, яны могуць зрабіць для Беларусі шмат карысных рэчаў.

— Для таго каб адаптавацца ў сітуацыі, аналагічнай той, у якую трапілі беларусы, патрабуецца ад чатырох да шасці месяцаў. Вядома, і пасля гэтага часу магчымыя трыгеры, якія могуць вярнуць чалавека ў трывожныя або траўматычныя станы.

Задача — дапамагчы адаптавацца ў сітуацыі / pixabay.com

Каб ацаніць свой (ці знаёмых) стан і зразумець, ці патрэбна дапамога, псіхааналітык рэкамендуе правесці дыягностыку. У першую чаргу трэба ацаніць, ці выконваецца жыццёвы базавы ўзровень чалавека: спаць, есці, рухацца, даглядаць сябе.

Калі з гэтым усё добра, то трэба паглядзець, ці можа чалавек мець зносіны з іншымі людзьмі больш за пяць хвілін. А далей спытаць: ці магу я прасіць дапамогу і прымаць яе?

— Выдатна, калі на ўсе пытанні вы адказалі "так", — працягвае Алена. — Тады можна рухацца далей — клапаціцца пра сябе і пра іншых, шукаць рэсурсы, якія дадуць энергію для жыцця. Для кожнага гэта сваё: чытанне, медытацыя, музыка, прагулкі, зносіны, ды ўсё што пажадаеце. А вось чытанне навін з радзімы варта абмежаваць невялікім прамежкам часу.

Калі з базавым узроўнем у чалавека праблемы, то тут ужо патрэбна дапамога, нават прымусовая. Бо ў такім стане канец можа быць самым сумным, і для гэтага не давядзецца "выходзіць у акно" — чалавек можа памерці сам па сабе, псіхіка можа проста адмовіцца ад жыцця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі