Абаронцы Марыупаля маглі, але адмовіліся пакінуць горад — Зяленскі

28/03/2022 - 08:13
У Марыупалі зруйнавалі да 90% будынкаў​ / @polkazov

Абаронцы Марыупаля маглі, але адмовіліся пакінуць горад, заявіў у інтэрв'ю расійскім журналістам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, ён прапаноўваў ваенным пакінуць горад.

"Раз на два дні я выходжу на сувязь дакладна... я ім таксама казаў, што я ўсё разумею, мы абавязкова вернемся, але калі адчуваеце, што вам трэба выйсці, і адчуваеце, што так правільна, і вы можаце выжыць, — зрабіце гэта. Я разумею, як гэта выглядае для ваеннага, але зрабіце. Я даў ім права выбару", — расказаў Зяленскі.

Вайскоўцы адмовіліся, сказалі, што не могуць пакінуць параненых і кінуць целы загінулых. Паводле слоў Зяленскага, у горадзе шмат непахаваных целаў, яны ляжаць на вуліцах. Украінскія вайскоўцы спрабавалі дамовіцца з расійскім бокам пра вываз з горада целаў, але тыя дазволы на вываз целаў не далі.

Зяленскі таксама расказаў, што адбываецца ў Марыупалі на гэты момант.

"Унутры ёсць нашы войскі. Там, дзе рускія войскі могуць зайсці, яны ўвайшлі. У нейкую частку горада яны не ўвайшлі. Таму што там нашы хлопцы, якія адмовіліся выходзіць на іх заклікі", — адзначыў ён. У выніку горад аказаўся заблакаваны расійскімі вайскоўцамі, яны кантралююць усе выезды і ўезды. Порт замініраваны.

"Гуманітарная катастрофа ў горадзе адназначная. Таму што прадукты харчавання, лекі, вада заехаць не могуць. Расійскія вайскоўцы абстрэльваюць гуманітарныя грузы, забіваюць кіроўцаў", — расказаў Зяленскі.

Ён таксама пракаментаваў эвакуацыю жыхароў горада, якую арганізаваў расійскі бок. Паводле слоў Зяленскага, людзей вывозяць сілай.

"Паводле нашых дадзеных, больш за 2 тысяч дзяцей вывезена. А гэта значыць — скрадзена. Таму што нам не вядомыя дакладныя лакацыі ўсіх гэтых дзяцей. Там былі як з бацькамі, так і без. Гэта катастрофа, гэта страшна", — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Раней у інтэрв'ю Forbes намеснік гарадскога галавы Марыупаля Сяргей Арлоў расказаў, што ў выніку расійскіх абстрэлаў у Марыупалі разбурана 80-90% усіх будынкаў. Знішчаныя ўсе заводы. У панядзелак дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка апублікаваў здымкі з разбуранага Марыупаля.

Віды разбуранага Марыупаля / @polkazov

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі