5 разоў засмяяўся, 20 — усміхнуўся: як я схадзіў на FemStandUp у Мінску

24/01/2020 - 14:42
Еўрарадыё

У былым вытворчым цэху на тусовачнай вуліцы Кастрычніцкай мнагалюдна: да пачатку мерапрыемства яшчэ 10 хвілін, але ўсе крэслы ўжо занятыя, таму астатнім гледачам давядзецца назіраць за тым, што адбываецца, стоячы. У цёмным памяшканні з высокай столлю асветлена толькі сцэна: на ёй стойка з мікрафонам і барнае крэсла.

— Як думаеш, будзе смешна? — пытаюся ў аднаго са знаёмых.

— Вельмі спадзяюся...

Першы жаночы стэндап (амаль)

23 студзеня ў Lo-Fi Social club у Мінску адбыўся FemStandUp. Галоўная ідэя праекта — натхніць дзяўчат рэалізоўваць свой камедыйны патэнцыял. Арганізатары — цэнтр па прасоўванні правоў жанчын "Яе правы" і ініцыятыва "Больш цела".

У анонсах розных медыя мерапрыемства пазіцыянавалася як "першы ў Беларусі жаночы стэндап", аднак гэта не зусім так. Арганізатары відавочна прапусцілі "Жаночы стэндап", які 23 лістапада мінулага года прайшоў у бары "Куба". Там выступалі чатыры дзяўчыны — заўсёдніцы сталічных "адкрытых мікрафонаў". На FemStandUp ні адна з іх не выступала.

Але па маштабах мерапрыемства ад мінскіх феміністак дакладна выйграе: тут выступілі 11 камікес. Ды і народу было даволі шмат: прастора былога заводскага цэха сабрала каля 140 гледачоў (прыкладна 70% — дзяўчаты, 30% — мужчыны). Для параўнання: у першым беларускім стэндап-клубе "StandUp Comedy Hall" усяго 130 пасадачных месцаў.

Жарты ад сваіх для сваіх

Удзельніцы па чарзе выходзяць на сцэну. Амаль кожную з іх гледачы побач са мной сустракаюць фразай а-ля "О, гэта — гендарная актывістка!", "А вось яна — экалагіня!", "Гэтую дзяўчынку не ведаю, але дзесьці бачыла". Можна зрабіць выснову, што мерапрыемства "ад сваіх для сваіх". Нібы частка мінскага сектара НДА вырашыла правесці свой паслянавагодні карпаратыў, а тэмай вечарынкі абралі "стэндап".

Лідзія Мужчыніна

Для большасці з 11 выступоўцаў гэта быў дэбют у стэндапе. Толькі адна з іх — Лідзія Мужчыніна — была заўважаная на "адкрытых мікрафонах" у Мінску. У НДАшніц адчуваецца досвед публічных выступленняў: калі хто на сцэне і хваляваўся, то збоку гэта было амаль незаўважна.

Жарты (не пра бойфрэндаў, а пра партнёраў)

Пераказваць жарты мы не будзем па дзвюх прычынах. Па-першае, тэкставая стэнаграма, вырваная з кантэксту, не перадасць таго, як яны спрацавалі са сцэны (ці не спрацавалі). Па-другое, з павагі да творчасці дзяўчат не хочам спойлерыць іх матэрыял — магчыма, яны маюць на яго велічэзныя планы.

Варкшоп па напісанні жартаў прайшоў за тыдзень да самога FemStandUp. Трэнінг праводзіла спецыяльна запрошаная з Санкт-Пецярбурга камікеса Туяна Хоравіц. Аматарам стэндапа з Беларусі гэтае імя наўрад ці знаёмае. Самае папулярнае відэа на "Ютубе" з яе ўдзелам — сольны канцэрт Аляксандра Далгаполава, у які ўвайшла хвіліна яе разагрэву. Так, гаворка пра таго самага Далгаполава, у жартах якога днямі знайшлі абразу пачуццяў вернікаў. З-за пераследаў сілавікоў комік пакінуў Расію. Па апошніх звестках, цяпер ён знаходзіцца ў Ізраілі.

Што з гэтага атрымалася? Сказаць, што матэрыял моцна адрозніваўся ад таго, што можна пачуць на іншых пляцоўках Мінска, вельмі і вельмі складана. Прынцыповае адрозненне хіба што ў колькасці выкарыстаных фемінітываў. Ва ўсім астатнім гэта ўсё тая ж камедыя назіранняў пра сябе, працу, адносіны (праўда, замест жартаў пра бойфрэндаў у некаторых выступоўцаў гучалі жарты пра партнёраў).

Са сцэны гучалі тэмы, звязаныя з гендарнай няроўнасцю і парушэннямі правоў жанчын, але яны, па маіх адчуваннях, не былі пераважнымі. Дзеля справядлівасці заўважу, што маналогі, напрыклад, з асуджэннем гвалту ў сям'і толькі на гэтым тыдні асабіста я чуў у Мінску двойчы. І расказвалі іх мужчыны-комікі, якія не пазіцыянуюць сябе як прафеміністы.

Што рэальна расстроіла, дык гэта жарты "на мяжы", з прычыны іх амаль поўнай адсутнасці. Трохі чорнага гумару, трохі пошлага, трохі сарцірнага (так, камікесы таксама жартуюць пра панос), трохі "палітоты" — усё настолькі дазавана, што здаецца, не было і зусім. Не тое каб я фанат усяго пералічанага, але адчуванне занадта найгранай "стэрыльнасці" мяне не пакідала ўвесь вечар. Здавалася, што дзяўчаты пры падрыхтоўцы жартаў спецыяльна стрымліваліся, каб не дай бог хтосьці не пакрыўдзіўся на іх.

Самацэнзура або патрабаванне арганізатараў? Спадзяюся, апошняе. А дзяўчаты змогуць рэалізаваць сваю незадзейнічаную "дзёрзкасць" на іншых пляцоўках. Паказаць прысутным менструальную чашу, як зрабіла адна з выступоўцаў, для "чагосьці задзірлівага на сцэне" не дастаткова.

Ці было смешна?

Давайце адразу растлумачу за загаловак. Я праўда пяць разоў шчыра засмяяўся ў голас і дзесьці разоў 20 расплыўся ва ўсмешцы за двухгадзінны канцэрт. Гэта не снабізм, а хутчэй вынік занадта частага наведвання стэндап-мерапрыемстваў за апошнія гады і ў якасці гледача, і ў якасці выступоўцы: ну вельмі складана з мяне выціснуць смех.

Але давайце па фактах: прысутныя смяяліся і пляскалі ў далоні. А звонкая цішыня ад жартаў хоць і была месцамі, але значна радзей. Іспанскага сораму пачутае не выклікала і зусім.

Вердыкт: было добра, і нават без удакладнення "для першага разу".

Арганізатары заяўляюць, што наступны FemStandUp пройдзе ў красавіку. Хочацца верыць, што камікесы не будуць абмяжоўвацца "цяплічнымі ўмовамі" і да гэтага паспрабуюць свае сілы на іншых пляцоўках сталіцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі