485 забітых і патопленыя танкі: як расіяне ўкраінскую раку фарсавалі

18/05/2022 - 15:53
Ну калі там ужо бераг? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

485 расійскіх "вызваліцеляў" знішчаныя пры спробе пераправы цераз раку Северскі Данец. І гэта не лічачы вялікай колькасці баявой тэхнікі агрэсара, патопленай украінцамі.

Пра тое, як бравае фарсаванне абярнулася для войскаў РФ цяжкімі стратамі, расказвае мілітары-канал "Информация".

 

Навошта яны наогул туды палезлі?

Перапраўка расіян цераз раку Северскі Данец дазволіла б ім адсекчы шляхі забеспячэння, а пасля зладзіць "малы кацёл" для абаронцаў Лісічанска і Севераданецка.

— У Данецкай і Луганскай абласцях цяпер тры асноўныя крэпасці: Славянск/Краматорск, якія з'яўляюцца ўмоўным тылам, Лісічанск/Севераданецк ужо проста на перадавой і Бахмут крыху на поўдзень, піша ваенны аглядальнік "Информации". — зразумела, дарогі, якія злучаюць іх, з'яўляюцца крытычна важнымі для забеспячэння ўкраінскіх сіл боепрыпасамі, правізіяй, эвакуацыі параненых і перакідання падмацавання.

 

Пераправа за пераправай

Спробы расіян фарсаваць Северскі Данец пачаліся 2–3 траўня. Спачатку ім удалося заняць сяло Шыпілаўка, але 4 траўня да ўкраінцаў падышло падмацаванне і выбіла акупантаў.

Тактычная абстаноўка 2–3 траўня / t.me/libertas_justitia_veritas

Раніцай 5 траўня расіяне абстрэльваюць з артылерыі мясцовасць каля Серабранкі і Дронаўкі, пасля чаго зноў спрабуюць фарсаваць раку. На месца аператыўна прыбываюць сілы ўкраінцаў. У выніку перапраўшчыкі страцілі чатыры буксірна-маторныя катары, сем звёнаў пантоннай пераправы, чатыры БМП-1АМ, плавальны транспарцёр, адзін КамАЗ і дзве машыны разгараджэння ІМР-2. "Напэўна яшчэ штосьці засталося за кадрам", — дадае ваенны аглядальнік "Информации".

Так выглядае пераправа, арганізаваная пры дапамозе пантоннага парка ПП-2005 / Дзмітрый Лявонаў

Навука не ідзе на карысць

7 траўня "вызваліцелі" трэці раз падступаюцца да ракі, але ўжо каля Белагораўкі. Падключаюцца расійская артылерыя і авіяцыя, дзвюм штурмавым ротам расіян удаецца заняць мясцовасць на Шыпілёўскіх горах. На наступны дзень рыхтуюцца пантоны, але пераправіць практычна нічога не ўдалося, бо перашкодзіла ўкраінская артылерыя.

Патопленыя звёны пантоннай пераправы расіян каля Белагораўкі, від зверху / t.me/libertas_justitia_veritas

Няўдача нічому не навучыла захопнікаў. 9–10 траўня расіяне не губляюць надзеі аднавіць знішчаную пераправу і спрабуюць перакінуць каля сотні адзінак тэхнікі са складу батальённай тактычнай групы.

— Наша артылерыя і авіяцыя былі ўжо прыстраляныя па іх пераправе і за ноч расхраначылі ўсю тэхніку і саму пантонную пераправу, — расказвае аглядальнік "Информации". — Расійскія танкісты ў паніцы спрабавалі ўцячы назад на левы бераг і ўтапілі кучу танкаў у рацэ. У жывых засталося крыху больш за роту асабовага складу і тая тэхніка, якая паспела рушыць да Шыпілаўкі і Белагораўкі.

У выніку каля Белагораўкі расіяне страцілі як мінімум:
— 18 танкаў Т-72;
— 55 баявых машын пяхоты;
— 5 бронетранспарцёраў МТЛБ;
— плавальную баявую машыну дэсанта БМД-2;
— дзве браняваныя рамонтна-эвакуацыйныя машыны БРЭМ-1;
— плавальны транспарцёр ПТС-3;
— 2 буксірна-маторныя катары;
— КамАЗ і 9 пантонных грузавікоў з некалькімі дзясяткамі пантонных звёнаў.

Мемы ад байцоў украінскай 58-й асобнай мотапяхотнай брыгады, якая "дапамагла" расіянам "навесці пераправу" / калаж 58-й АМПБр

11–12 траўня тыя войскі РФ, што засталіся на правым беразе, спрабуюць штурмаваць горад Прыволле. Гэта ім не ўдаецца. Тыя, хто выжыў, кідаюць тэхніку і ўплаў перабіраюцца на левы бераг.

Канал "Информация" дадае, што 11 траўня каля Белагораўкі быў ліквідаваны Дзяніс Казлоў, камандзір 12-й асобнай інжынернай брыгады, які, верагодна, кіраваў арганізацыяй пераправы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі