БелАЗ губляе некалькіх пастаўшчыкоў?
Некалькі буйных замежных кампаній абвясцілі пра спыненне супрацоўніцтва з беларускімі прамысловымі гігантамі — БелАЗ і БМЗ. Еўрарадыё расказвае, што гэта за фірмы і што патэнцыйна губляюць беларускія заводы.
Адмовілася ад супрацоўніцтва з беларусамі нямецкая Beckers Group. Гэта буйны холдынг, які таксама працуе на рынку здабыўной тэхнікі.
Асноўнае супрацоўніцтва ў Beckers Group з беларускімі заводамі заключалася ў пастаўках фарбы для БелАЗ праз фінскага дыстрыб'ютара Geramatic OY.
Лакафарбавае пакрыццё для тэхнікі павінна адпавядаць шэрагу патрабаванняў, галоўнае — быць даўгавечным і вытрымліваць нагрузкі. Тут і асаблівы склад, і спосабы нанясення. Нядаўна, дарэчы, БелАЗ увёў у эксплуатацыю новы лакафарбавы комплекс, а пакупнікам даецца пяць гадоў гарантыі на пакрыццё.
Ці атрымаецца знайсці альтэрнатыву прадукцыі Beckers Group? Бо фарба досыць спецыфічная.
Дацкі гігант Danfoss таксама заявіў, што "спыніў бізнес, які не адпавядае адзначаным правілам санкцый". Гэтая кампанія спецыялізуецца на вытворчасці і пастаўках аўтаматыкі, у тым ліку помпаў, клапанаў і рэгулятараў.
Помпы Danfoss выкарыстоўваюцца для тых жа БелАЗаў — прынамсі, можна знайсці інфармацыю пра камплектуючыя "БелАЗ-7555 SAUER DANFOSS".
Адзін з варыянтаў, якім, хутчэй за ўсё, будуць карыстацца заводы, — купляць нешта ў перапрадаўцоў. Гэта адбываецца ўжо досыць даўно: патрэбнае абсталяванне бяруць не ў вытворцы або афіцыйнага дыстрыб'ютара, а ў кагосьці яшчэ. Так, гэта крыху даўжэй, складаней і даражэй, але затое можа ў тэорыі гарантаваць, што тэхналагічны працэс не сарвецца.
Сам вытворца можа і не ведаць пра гэта, а адмаўляць нейкай фірме ў набыцці тавару складана, калі гэта не парушае ніякіх прававых абавязацельстваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут