242 дрэвы спілаваў браканьер у Стаўбцоўскім раёне

28/05/2019 - 18:43

56-гадовага жыхара Стоўбцаў затрымалі за незаконную высечку дрэваў у лесе каля вёскі Казейкі, паведамляе Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету.

Некалькі дзён запар мужчына і нанятыя ім работнікі прыязджалі ў лес. Жыхар Стоўбцаў пілаваў хвоі ды бярозы, а яго работнікі грузілі бярвёны ў ягоны ЗІЛ. Пасля затрымання мужчына патлумачыў, што нарыхтоўваў драўніну пад замову — каму на дровы, каму на дошкі.

За тры дні браканьер спілаваў 242 дрэвы аб'ёмам 98 кубаметраў. Кошт нарыхтаванай драўніны ацэньваецца больш як на тысячу рублёў. Прычыненую прыродзе шкоду ацанілі ў 10,2 тысячы рублёў (каля 5000 долараў). 

Затрыманаму давядзецца кампенсаваць гэтыя сумы. Акрамя таго, яму выпішуць штраф.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі