230 беларусаў трапілі ў Польшчу праз візавую схему фірмы-пустышкі

31/03/2026 - 12:01

Затрыманне ўкраінкі ў Лодзі  / morski.strazgraniczna.pl

Схему з афармленнем падробленых віз выкрылі ў польскай Лодзі. Карыстаючыся ёй, замежнікі незаконна траплялі ў Польшчу, кажуць у памежнай службе краіны.

25 сакавіка ў Лодзі затрымалі 40-гадовую грамадзянку Украіны. Следства мяркуе, што яна ўдзельнічала ў арганізацыі візавай схемы.

Пры канцы 2022 года ў Лодзі была зарэгістраваная фірма, якая на паперы займалася рознымі відамі дзейнасці — ад прыборкі і будаўніцтва да гандлю і пашыву адзення. На думку праваахоўнікаў, рэальнай дзейнасцю кампанія не займалася, а выкарыстоўвалася толькі для афармлення дакументаў для замежнікаў.

Праз гэтую фірму было пададзена каля 500 заяваў пра намер працаўладкаваць замежнікаў. За кожную такую заяву бралі да 400 еўра. Потым гэтыя дакументы выкарыстоўваліся пры падачы на візы ў польскія консульствы ў Беларусі.

Паводле звестак памежнікаў, візавымі паслугамі гэтай фірмы скарысталіся каля 230 грамадзян Беларусі. Пры гэтым яны разумелі, што рэальна працаваць па атрыманых дакументах не будуць: іх мэтай было менавіта права на ўезд у Польшчу.

Следчыя мяркуюць, што затрыманая ўкраінка дзейнічала не адна. Яна, на думку праваахоўнікаў, толькі падала свае даныя для рэгістрацыі фірмы і доступу да электронных сістэм афармлення дакументаў. Жанчыну ўзялі пад нагляд паліцыі, ёй нельга пакідаць краіну. Украінцы пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі