13 гадоў калоніі прысудзілі 27-гадоваму лётчыку

25/09/2026 - 16:11

Святаслаў Падвашэцкі / ПЦ "Вясна"

Мінскі гарадскі суд асудзіў Святаслава Падвашэцкага на 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у здрадзе дзяржаве і незаконным абарачэнні наркотыкаў. Акрамя пазбаўлення волі суд прызначыў штраф у памеры 500 базавых велічыняў (22 500 рублёў). Прысуд быў вынесены 1 верасня 2026 года, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Працэс над Падвашэцкім быў закрытым. Таму ў адкрытым доступе няма падрабязнасцяў абвінавачання і доказаў, на падставе якіх суд вынес прысуд.

Сам малады чалавек цяпер знаходзіцца ў СІЗА №1 у Мінску.

Пра Падвашэцкага вядома, што ён нарадзіўся 15 верасня 1998 года, скончыў лётную вучэльню ва Украіне, потым вярнуўся ў Беларусь і праходзіў стажыроўку ў "Белавія". Яго бацька таксама быў пілотам.

Падвашэцкі падтрымліваў сувязь з былымі аднакурснікамі, частка якіх далучылася да Узброеных сіл Украіны. Менавіта перапіска з імі магла стаць падставай для пераследу. Паведамляецца, што незадоўга да затрымання Святаслаў даслаў знаёмаму фатаздымак самалёта, на якім праходзіў стажыроўку, і напісаў, што будзе на ім лятаць. Затрымалі яго 10 чэрвеня 2025 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі